Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 красавіка 2020, 13:12

Урад прапануе ўсім банкам актыўна ўключыцца ў іпатэчнае крэдытаванне - Кухараў

24 красавіка, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. Беларускі ўрад прапануе ўсім банкам актыўна ўключыцца ў іпатэчнае крэдытаванне. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Кухараў у час наведвання ААТ "Керамін", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым плане абмежаванняў няма, мы прапануем усім банкам актыўна ўключыцца ў гэту работу (іпатэчнае крэдытаванне. - Заўвага БЕЛТА). Папярэдне праведзены перагаворы з усімі банкамі, яны ў сваю чаргу вывучаюць магчымыя падыходы. Дарэчы, банкі актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы праекта ўказа і іх прапановы таксама ўлічваліся. Думаю, у бліжэйшы час работа ў гэтым напрамку будзе сур'ёзна развівацца", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Уладзімір Кухараў выказаў меркаванне, што ўказ "Аб іпатэчным жыллёвым крэдытаванні" з'яўляецца вельмі важным нарматыўным дакументам, якога чакалі ўсе. "Мы сур'ёзна папрацавалі над гэтым дакументам і рыхтавалі яго з улікам нашага закона аб іпатэцы і вопыту замежных краін, прапрацавалі ўсе праблемныя моманты, з якімі сутыкаліся раней. Спадзяёмся, гэты ўказ прадаставіць больш магчымасцей для спажыўцоў і новыя інструменты для набыцця жылля, - паведаміў ён. - Цяпер рыхтуем яшчэ адзін важны нарматыўна-прававы дакумент - гэта ўказ аб жыллёва-будаўнічых зберажэннях. Іпатэка і жыллёвыя зберажэнні - тыя механізмы, якія, на наш погляд, дадуць магчымасць значна пашырыць магчымасці грамадзян у набыцці жылля".

Што датычыцца дарожнай карты па рэалізацыі ўказа аб іпатэцы, работа ў гэтым напрамку таксама вядзецца. "Цяпер рыхтуюцца змяненні ў шэраг нарматыўных дакументаў, а таксама пастанова Савета Міністраў, якая рэгламентуе парадак ажыццяўлення гэтых механізмаў крэдытавання. Мы працуем сумесна з банкаўскай сістэмай, якая таксама ўносіць прапановы для таго, каб гэты інструмент быў даступны і запатрабаваны", - праінфармаваў намеснік прэм'ер-міністра.

Таксама Уладзімір Кухараў адзначыў, што адпрацоўка гэтага механізма патрабуе пэўнага часу. "Чалавек павінен вывучыць усе магчымасці, банкі павінны ўсё адпрацаваць. Мы бачым, што на гэта спатрэбіцца год ці паўтара. Акрамя таго, трэба разумець, каб гэтыя механізмы працавалі, павінен быць адпаведны рынак жылля. Таму, як і планавалі, мы пабудуем у гэтым годзе 4 млн кв.м жылля, у наступным годзе, думаю, будзе пабудавана не менш", - адзначыў ён.

На думку віцэ-прэм'ера, набываючы жыллё, чалавек павінен мець вялікі выбар, паколькі ў кожнага свае патрэбнасці і магчымасці. "Мы цяпер перад будаўнічым комплексам краіны ставім задачу будаваць жыллё розных параметраў, пачынаючы ад невялікіх кватэр, якія, дарэчы, карыстаюцца вельмі вялікім попытам, да жылля з вялікім метражом, з аддзелкай або без", - дадаў Уладзімір Кухараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі