Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 красавіка 2019, 17:51

Урад прадоўжыць працаваць над раздзяленнем функцый дзяржавы як рэгулятара і ўласніка

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад прадоўжыць працаваць над раздзяленнем функцый дзяржавы як рэгулятара і ўласніка, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на семінары па пытаннях карпаратыўнага кіравання ў Банку развіцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння ва ўласнасці дзяржавы знаходзяцца акцыі 1869 акцыянерных таварыстваў. У амаль 1,5 тыс. таварыстваў дзяржаве належыць кантрольны пакет. "Гэтыя таварыствы фарміруюць палавіну ВУП краіны. Але калі мы паглядзім на якасны складнік, то ўбачым, што лічбы адрозніваюцца, але прадукцыйнасць працы ў акцыянерных таварыствах, дзе кіруе дзяржава, у сярэднім у паўтара раза ніжэйшая, чым у прыватных", - сказаў Сяргей Румас.

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што новы склад урада з першага дня выношваў ідэю пабудовы карпаратыўнага кіравання ў таварыствах з доляй дзяржавы. З выхадам указа нумар 125 "Аб прадстаўніках дзяржавы" фактычна пачынаецца выбудоўванне правільнай сістэмы ўладальніцкага нагляду, адзначыў кіраўнік урада.

Сяргей Румас'

Рашэнні аб назначэнні прадстаўнікамі дзяржавы вышэйшых службовых асоб, членаў Савета Міністраў і іх намеснікаў у буйных акцыянерных таварыствах з доляй дзяржавы ў статутных фондах - гэта толькі першы крок. На думку Сяргея Румаса, не трэба чакаць вельмі хуткіх аўтаматычных паляпшэнняў у рабоце такіх акцыянерных таварыстваў, тым не менш гэта можна параўнаць з правіламі дарожнага руху - хоць іх устанаўленне не дае магчымасці цалкам пазбавіцца ад аварый, але карысць відавочная. "З прыняццем правіл мы пачынаем выбудоўваць сістэму кіравання гаспадарчымі таварыствамі ўласнікам, у гэтым выпадку дзяржавай, з паступовым адыходам ад ручнога кіравання", - заўважыў кіраўнік урада.

Разам з тым у асоб, вызначаных у якасці прадстаўнікоў дзяржавы, ёсць пытанні аб парадку ўзаемадзеяння з органамі ўладальніцкага нагляду, паўнамоцтвах і адказнасці. Цяперашняе палажэнне аб прадстаўніках дзяржавы ў органах кіравання гаспадарчых таварыстваў не ўлічвае ўсе асаблівасці работы вышэйшых службовых асоб.

"Мы ва ўрадзе ўсведамляем, што гэта абсалютна справядлівая заўвага, Дзяржкаммаёмасць завяршае работу над унясеннем змяненняў у палажэнне. Галоўная навацыя пастановы - вышэйшыя службовыя асобы не будуць звязаны рашэннямі органа ўладальніцкага нагляду, гэта значыць таго міністэрства, якое арганізуе ўладальніцкі нагляд", - сказаў Сяргей Румас. "Прынятае рашэнне з'яўляецца чарговым крокам на шляху раздзялення функцый дзяржавы як уласніка і рэгулятара", - дадаў ён.

Міністэрству фінансаў і Банку развіцця, Дзяржкаммаёмасці даручана арганізаваць навучальныя семінары па пытаннях карпаратыўнага кіравання.

Асноўная мэта сённяшняга семінара ў Банку развіцця - разгляд арганізацыйных пытанняў удзелу прадстаўнікоў дзяржавы ў органах кіравання гаспадарчых таварыстваў, уключаючы працэдуры прыняцця рашэнняў і кантролю за іх рэалізацыяй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі