Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 сакавіка 2024, 09:05

Урад абнавіў комплексную праграму развіцця электратранспарту

Фота з архіва
Фота з архіва
14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад унёс змяненні ў пастанову Савета Міністраў ад 9 красавіка 2021 года нумар 213 "Аб Комплекснай праграме развіцця электратранспарту на 2021-2025 гады". Гэта прадугледжана пастановай Саўміна ад 11 сакавіка нумар 166, афіцыйна апублікаванай сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У дакуменце адзначаецца, што па стане на 1 студзеня 2024 года сетка ЭЗС РУП "Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" складаецца з 690 ЭЗС. З іх у Мінскай вобласці і сталіцы размешчаны 432 электразарадныя станцыі, у Брэсцкай - 55 ЭЗС, Віцебскай - 48, Гомельскай 58, Гродзенскай - 62, Магілёўскай - 35.

Пастанова вызначае парадак стварэння вытворчасці легкавых электрамабіляў. У адпаведнай главе пазначана: па выніках выканання комплексу навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ у галіне распрацоўкі электрамабіляў і іх базавых кампанентаў за 2017-2022 гады ДНУ "Аб'яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі" дасягнуты пэўныя вынікі. У прыватнасці, сфарміравана навукова-інжынерная школа і асвоены метады праектавання электрычных сілавых установак транспартных сродкаў і іх базавых кампанентаў з улікам тэхналагічных магчымасцей айчынных прадпрыемстваў. Таксама распрацавана канструктарская дакументацыя з выкарыстаннем гэтых методык, выраблены і выпрабаваны ў стэндавых умовах і ў складзе транспартных сродкаў кампаненты розных электрычных сілавых установак.

Адзначаецца, што сучаснае аўтамабілебудаванне грунтуецца на выкарыстанні адпаведных платформ - сукупнасці асноўных кампанентаў, тыпавых канструктыўных і тэхналагічных рашэнняў, якія прымяняюцца ў канструкцыі аўтамабіля, што скарачае затраты на распрацоўку новых мадэлей. Гэты падыход можна выкарыстоўваць для серыйнай вытворчасці беларускіх электрамабіляў, распрацаваўшы ўніверсальную платформу для легкавых і камерцыйных аўтамабіляў, гаворыцца ў дакуменце.

Для Беларусі мэтазгодна ацаніць два патэнцыяльныя напрамкі развіцця аўтамабілебудавання - электрамабіль і паслядоўны гібрыд. Найбольш перспектыўным з іх названа арганізацыя вытворчасці на базе легкавых аўто, якія выпускаюцца серыйна.

Пастанова вызначае, як будзе ажыццяўляцца фінансаванне мерапрыемстваў Комплекснай праграмы (у рамках дзяржпраграм, рэалізацыя якіх прадугледжана ў 2021-2025 гадах).

Дакумент уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі з 15 красавіка 2021 года.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі