Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 студзеня 2023, 17:04

Удзельная вага навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі ў аб'ёме экспарту Мінпрама перавысіла 75 працэнтаў

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельная вага навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі ў агульным аб'ёме экспарту арганізацый Міністэрства прамысловасці па выніках 11 месяцаў 2022 года перавысіла 75 працэнтаў. Аб гэтым сказаў намеснік начальніка навукова-тэхнічнага ўпраўлення - начальнік аддзела інавацыйнай дзейнасці Міністэрства прамысловасці Сяргей Кабішоў на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня беларускай навукі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле яго слоў, гэты паказчык сведчыць, што прадпрыемствы беларускага машынабудавання пастаўляюць замежным партнёрам уласныя распрацоўкі, прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. "Стварэнне інавацый у сучасным машынабудаванні - комплексная задача, вырашэнне якой немагчыма без выкарыстання вынікаў навуковых даследаванняў, выканання складаных разлікаў, фарміравання віртуальных мадэлей, вырабу доследных узораў новай тэхнікі і правядзення іх выпрабаванняў, - сказаў Сяргей Кабішоў. - Менавіта інавацыі з'яўляюцца драйверам развіцця беларускага машынабудавання. Так, удзельная вага навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі ў аб'ёме экспарту Мінпрама перавысіла 75 працэнтаў. Сістэмная работа ў галіне распрацоўкі і ўкаранення новай прадукцыі і тэхналогій, нарошчванне кадравага патэнцыялу і кампетэнцый, развіццё галіновай навукі, супрацоўніцтва з вучонымі, мадэрнізацыя дзеючых і стварэнне новых вытворчасцей фарміруюць фундамент для паспяховага развіцця".

Сярод напрамкаў перспектыўных даследаванняў і распрацовак такія высокатэхналагічныя вытворчасці, як мікраэлектроніка, оптыка-механічная вытворчасць, станкабудаванне, электратранспарт і іншыя. Для вырашэння пастаўленых задач у сістэме Мінпрама 19 буйнейшых холдынгаў і арганізацый акрэдытаваны ў якасці навуковых. Па ўсіх ключавых напрамках развіцця ў холдынгавых структурах функцыянуюць 16 цэнтраў кампетэнцыі - галіновых лабараторый. Напрыклад, кар'ернай і шахтавай тэхнікі ў ААТ "БЕЛАЗ", навукова-даследчы цэнтр металургічнай вытворчасці ў ААТ "БМЗ", стварэння рухавікоў - на Мінскім маторным заводзе, грузавых аўтамабіляў і пасажырскіх аўтобусаў - у ААТ "МАЗ" і г.д.

Напрамкі дзейнасці карпаратыўных навукова-тэхнічных цэнтраў вызначаюцца зыходзячы з патрэбнасцей канкрэтнага бізнесу. Іх работа дае магчымасць павысіць аддачу ад навукі і паскорыць працэс укаранення інавацый. У выніку зніжаюцца тэрміны распрацоўкі новай прадукцыі, падрыхтоўкі вытворчасці, павышаецца канкурэнтаздольнасць беларускай тэхнікі.

Дзякуючы сумеснай рабоце галіновай і акадэмічнай навукі створаны беспілотныя кар'ерныя самазвалы, кар'ерны самазвал на электрацязе і гібрыдны самазвал, камбайн на газавым паліве, новыя электробусы і электрагрузавікі, новыя мадэлі пагрузчыкаў, седлавых цягачоў, аўтобусаў, форвардараў для лясной прамысловасці, сучасныя рухавікі ўнутранага згарання, што адпавядаюць экалагічным нормам, унікальнае оптыка-механічнае абсталяванне для мікраэлектронікі.

Як адзначыў Сяргей Кабішоў, работа галіновых навуковых арганізацый і лабараторый і беларускіх вучоных садзейнічала павелічэнню ўдзельнай вагі адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі прадпрыемстваў Мінпрама па выніках 2022 года да 44,5 працэнта.

"Патрэбнасць у высокатэхналагічных інавацыях толькі павялічваецца. Кожны год рынак дыктуе новыя запатрабаванні. Міністэрства прамыловасці зацікаўлена ва ўкараненні сучасных распрацовак, якія будуць садзейнічаць развіццю вытворчасці, павышэнню якасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі", - падкрэсліў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі