Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 чэрвеня 2019, 15:35

У трубаправодзе Унеча-Полацк пачата выцясненне бруднай нафты - "Белнафтахім"

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/ Беларускі бок пачаў выкананне чарговага этапу дарожнай карты па замяшчэнні забруджанай расійскай нафты на якасную ў магістральным трубаправодзе "Дружба". Выцясненне бруднай нафты пачата ў трубаправодзе Унеча-Полацк, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе канцэрна "Белнафтахім".

Паводле інфармацыі ААТ "Полацктранснафта Дружба", 21 чэрвеня ў 9.07 пачалося выцясненне забруджанай арганічнымі хларыдамі расійскай нафты ў трубаправодзе Унеча-Полацк і замяшчэнне яе чыстай нафтай.

"Нафта выцясняецца ад Унечы ў бок Полацка, а затым па трубаправодзе Сургут-Полацк рэверсам у бок Невеля", - расказалі ў "Белнафтахіме".

Чакаецца, што выцясненне нафты з першай чаргі нафтаправода завершыцца 3 ліпеня, затым пачнецца выцясненне забруджанай сыравіны з другой чаргі нафтаправода Унеча-Полацк, якое прадоўжыцца да канца ліпеня. Завяршальны этап на паўночным напрамку - выцясненне нафты з беларускага ўчастка нафтаправода Сургут-Полацк - прадоўжыцца да 15 жніўня.

Акрамя таго, у адпаведнасці з прынятай бакамі дарожнай картай ААТ "Гомельтранснафта Дружба" праводзіць мерапрыемствы па выцясненні забруджанай хларыдамі нафты з трэцяй ніткі нафтаправода на ўчастку ад Кобрына да Мазыра і далей на тэрыторыю РФ. "На 21 чэрвеня раздзяляльны снарад прайшоў 259 км ад Кобрына, завяршыць ачышчэнне названай ніткі нафтаправода ад граніцы да лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі "Мазыр" плануецца да пачатку ліпеня. Затым пачнецца выцясненне хларыднай нафты па другой нітцы нафтаправода ад Мазыра да расійскай Унечы з плануемым завяршэннем у сярэдзіне жніўня", - расказалі ў "Белнафтахіме".

Такім чынам, поўная ачыстка магістральнага трубаправода "Дружба" на беларускай тэрыторыі прагназуецца ў сярэдзіне жніўня.

Паводле інфармацыі "Белнафтахіма", сёння на тэрыторыі Беларусі ў трубаправодах знаходзіцца каля 620 тыс. т некандыцыйнай нафты.

У канцэрне таксама адзначылі, што па ўсіх беларускіх участках магістральнага нафтаправода "Дружба" вядзецца ўзмоцнены кантроль якасці нафты, што паступае з Расійскай Федэрацыі і ідзе як на беларускія НПЗ, так і ў напрамку Польшчы і Украіны. Цяпер аналізы, праведзеныя акрэдытаванай лабараторыяй, рэгіструюць стандартныя параметры якасці нафты.

Як паведамлялася, "Белнафтахім" 19 красавіка заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расійскай нафты Urals, якая паступае па трубаправодзе "Дружба". Колькасць хлорарганічных злучэнняў у саставе нафты перасягала ў дзясяткі разоў гранічныя значэнні па стандарце. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" - вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі