Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 лютага 2018, 09:48

У Савеце Рэспублікі абмеркавалі ўдасканаленне заканадаўства для прыцягнення інвестыцый

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удасканаленне заканадаўства па павышэнні прывабнасці краіны для інвестараў абмяркоўвалася 12 лютага на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

Разгледжана справаздача Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах аб дзейнасці ў 2017 годзе і задачах на 2018-ы. У сваім выступленні старшыня Пастаяннай камісіі Уладзімір Панцюхоў праінфармаваў аб заканатворчай дзейнасці камісіі, акцэнтаваў увагу на асноўных прыярытэтах, зацверджаных пятым Усебеларускім народным сходам: інвестыцыях, экспарце, занятасці, інфарматызацыі, маладзёжнай палітыцы. У прыватнасці, ён адзначыў, што інвестыцыі - аснова для эканамічнага росту. "Будуць інвестыцыі - значыць, зможам забяспечыць эфектыўную занятасць, правесці глыбокую мадэрнізацыю. Гэта рост канкурэнтаздольнасці, а значыць, экспарту і валютнай выручкі ў краіну", - заявіў Уладзімір Панцюхоў.

Адным з дзейсных механізмаў павышэння прывабнасці краіны для інвестараў з'яўляецца ўдасканаленне інвестыцыйнага заканадаўства, дадаў ён. Ініцыятывы Савета Рэспублікі накіраваны на ўдасканаленне законаў "Аб інвестыцыях", "Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве", дэкрэта нумар 10 "Аб стварэнні дадатковых умоў для ажыццяўлення інвестыцый у Рэспубліцы Беларусь". У ліку найбольш значных прапаноў Уладзімір Панцюхоў назваў гарантыі для інвестараў пры змяненні заканадаўства, укараненне механізма страхавання інвестыцыйных рызык, перагляд падыходаў да субсідыярнай адказнасці ў выпадку банкруцтва.

Яшчэ адзін важны дакумент - закон аб інвестыцыйных фондах, які ўступае ў сілу з ліпеня 2018 года. У яго развіццё неабходна адкарэкціраваць і прыняць даволі вялікую колькасць нарматыўных актаў, у тым ліку Банкаўскі кодэкс. "На мінулым тыдні мы прымалі ўдзел у рабоце круглага стала па пытанні змянення банкаўскага заканадаўства. Прыйшлі да кансэнсусу - формы інвестыцыйнай дзейнасці банкаў трэба пашыраць. І мы прадоўжым гэту работу ў рамках карэкціроўкі Банкаўскага кодэкса", - паведаміў Уладзімір Панцюхоў.

У сваю чаргу намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў дадаў, што інвестар, прыходзячы ў краіну, сувымярае рызыкі і даходнасць галін эканомікі, куды накіроўвае свае рэсурсы. "На макраўзроўні неабходна знізіць выдаткі для інвестара, а гэта пытанні грашова-крэдытнай палітыкі (зніжэнне ставак па крэдытах), зніжэнне тарыфаў на энергію, стабільнасць падатковай сістэмы і інш., - сказаў ён. - Другое - гэта зніжэнне рызык для інвестараў, і такая работа ўжо актыўна вядзецца, прыняты шэраг дакументаў, які будзе садзейнічаць паляпшэнню інвестыцыйнага клімату". На думку намесніка міністра, для прытоку інвестараў у эканоміку краіны важна сфарміраваць праекты-лакаматывы міжгаліновага характару, якія дадуць мультыплікатыўны эфект.

На пасяджэнні таксама выступіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч. Ён праінфармаваў аб праводзімай рабоце па карэкціроўцы заканадаўства ў галіне дзяржзакупак з улікам вопыту Расіі.

Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на важнасць захавання ў заканатворчай дзейнасці пакетнага прынцыпу, правядзення навуковай экспертызы, прагназавання наступстваў прыняцця нарматыўных прававых актаў. Асобна спікер падкрэсліў ролю праграм Саюзнай дзяржавы ў інтэграцыйных працэсах: "Гэта звязваючая нас ніць - саюзныя праграмы, агульныя праекты, прадпрыемствы і вытворчасці". У той жа час не заўсёды саюзныя праграмы распрацоўваюцца і рэалізуюцца эфектыўна. "На распрацоўку і прыняцце праграм ідуць гады. Ідэі становяцца ўстарэлымі, - канстатаваў ён. - А самая ж вялікая праблема - гэта адсутнасць рашэння. Лепш выправіць, чым гадамі не прымаць". У сувязі з гэтым неабходна ўдасканаліць механізм адбору, узгаднення і прыняцця саюзных праграм. "За імі не толькі эканамічная выгада, але і наша інтэграцыя", - рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі