
29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кукурузу на зерне ў Беларусі плануюць убраць да 1 лістапада. Аб гэтым расказаў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Мікалай Лешык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Проса ўбрана ўжо на 100 працэнтах запланаванай плошчы. Пры гэтым засталося ўбраць каля 2 тыс. га грэчкі ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Гэта абумоўлена тым, што ўмовы надвор'я ў гэтых рэгіёнах больш халодныя і развіццё культур тут пазнейшае. Так, на сёння ўжо намалочана 47 тыс. т грэчкі і каля 20 тыс. т проса. Першачарговая задача вытворчасці гэтых крупяных культур - гэта пастаўка зерня ў лік дзяржзаказу для далейшай перапрацоўкі і вытворчасці круп. Дзяржзаказ па грэчцы складае 30 тыс.т зерня, а проса - каля 10 тыс.т. У сувязі з гэтым атрыманыя аб'ёмы прадукцыі дазваляюць выканаць усе неабходныя планы", - падкрэсліў Мікалай Лешык.
Ён дадаў, што па крупяных культурах прадукцыйнасць палёў у бягучым годзе крыху вышэйшая. Паводле яго слоў, гэтаму садзейнічала выпадзенне ападкаў у сярэдзіне і другой палавіне лета. Так, ураджайнасць грэчкі складае больш за 15 ц/га, а проса - каля 20 ц/га.
Гаворачы пра рэзультаты абласцей, начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча падкрэсліў, што Мінская і Гродзенская вобласці штогод паказваюць высокія вынікі па валавым намалоце. Пры гэтым Брэсцкі рэгіён таксама нядрэнна спрацаваў і нават утрымаўся на ўзроўні мінулага года.
"Кукурузу на зерне плануецца ўбраць да 1 лістапада. Гэтыя тэрміны разлічаны з улікам мінімізацыі страт на дапрацоўку і сушку зерня, а таксама агульнае падвядзенне вынікаў работ. Такім чынам, да агульнага намалоту дабавіцца 1,5 млн т зерня кукурузы і агульная вага збожжа з улікам усіх культур складзе каля 9,2 млн т", - рэзюмаваў Мікалай Лешык.-0-