Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 лістапада 2019, 12:48

У ЕАЭС не ідзе размовы аб пераходзе на наднацыянальную валюту - Калаур

1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У ЕАЭС не ідзе размовы аб пераходзе на наднацыянальную валюту. Аб гэтым заявіў сёння журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаур, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Яшчэ раз падкрэслю, што для такіх выказванняў (аб пераходзе на расійскі рубель або іншую наднацыянальную валюту. - Заўвага БЕЛТА) ніякіх падстаў няма. Мы ўчора разглядалі пытанне ў рамках ЕАЭС аб рэалізацыі прынятай ужо кіраўнікамі дзяржаў канцэпцыі фарміравання агульнага фінансавага рынку. Размова не ідзе аб нейкіх наднацыянальных валютах", - сказаў Павел Калаур.

Як паведамлялася, Нацыянальны банк Беларусі і Цэнтральны банк Расіі на чарговым пасяджэнні Міжбанкаўскага валютнага савета 30 кастрычніка ўзгаднілі падыходы па паглыбленні інтэграцыі дзвюх краін у фінансавай сферы. Бакі, у прыватнасці, адобрылі планы мер па гарманізацыі падыходаў па асобных пытаннях грашова-крэдытнай палітыкі і макрапрудэнцыяльнага рэгулявання, валютнага рэгулявання і валютнага кантролю, патрабаванняў у галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі ў фінансавай сферы, а таксама абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг і інвестараў, іншых напрамках.

У Мінску 31 кастрычніка адбылося пасяджэнне Кансультацыйнага савета па валютнай палітыцы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў - членаў Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі бягучую эканамічную сітуацыю і грашова-крэдытную палітыку ў дзяржавах - членах ЕАЭС, падыходы да рэалізацыі канцэпцыі фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС, забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі фінансавага рынку і процідзеянне камп'ютарным атакам у крэдытна-фінансавай сферы, каардынацыю развіцця нацыянальных плацежных сістэм, а таксама іншыя актуальныя тэмы інтэграцыйнага ўзаемадзеяння.

Міжнародны форум высокага ўзроўню, прысвечаны пытанням павышэння даверу да нацыянальных валют, праходзіць сёння ў Мінску. Правядзенне форуму прымеркавана да 25-годдзя заканадаўчага замацавання беларускага рубля ў якасці адзінага законнага плацежнага сродку ў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі