Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 лістапада 2019, 11:41

У ЕАЭС абмяркоўваецца магчымасць рэгулявання цэн на цукар - Шустаў

12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У ЕАЭС абмяркоўваецца магчымасць увядзення рэгулявання цэн на цукар, паведаміў сёння журналістам першы намеснік старшыні канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Ігар Шустаў у час XXV Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выстаўкі-кірмашу "Прадэкспа-2019", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Расіі вельмі складаная сітуацыя, звязаная з перавытворчасцю цукру, адбыўся беспрэцэдэнтны абвал цэн. Расійскія вытворцы цукру зацікавіліся нашым вопытам прымянення рэгулявання цэн, вывучылі яго. Яны выступілі з ініцыятывай разгледзець пытанне аб магчымым увядзенні рэгулявання цэн у ЕАЭС у выглядзе індыкатыва, мінімальнай цаны для абароны вытворцаў цукру і цукровых буракоў. Гэта пытанне абмяркоўвалася на пляцоўцы ЕЭК. Дыскусія прадаўжаецца, рашэнне не прынята. Гэта складаны працэс", - сказаў Ігар Шустаў.

Паводле яго слоў, гэта пытанне актуальнае для краін ЕАЭС, але ў першую чаргу - для Беларусі і Расіі. Расійскія вытворцы задумваюцца аб зніжэнні вытворчасці цукровых буракоў. "Гэта звязана з цэнаўтварэннем на гэты прадукт у Расіі: чым ніжэйшая цана на цукар, тым ніжэйшая закупачная цана на цукровыя буракі. У шэрагу расійскіх рэгіёнаў узровень цэн на цукровыя буракі нават не забяспечвае ўзровень узнаўлення", - адзначыў першы намеснік старшыні канцэрна.

"Што датычыцца нашай краіны, на працягу апошніх гадоў мы стабільна вырабляем звыш 600 тыс.т бураковага цукру. Спажыванне Беларусі - 350 тыс. т: гэта і вытворчасць, і гандаль. Астатняе - экспартны патэнцыял. За 9 месяцаў паставілі за мяжу крыху менш за 200 тыс. т цукру. Сёння на расійскім рынку склалася цана ніжэйшая за сабекошт, таму мы недзе са жніўня поўнасцю спынілі экспартныя пастаўкі ў Расію", - растлумачыў Ігар Шустаў.

Паводле яго слоў, акрамя рэгулявання цэн на цукар у ЕАЭС абмяркоўваюцца і іншыя шляхі вырашэння праблемы. "Напрыклад, аб'яднанне цукравытворцаў Расіі цяпер разглядае пытанне стварэння экспартнага камітэта, або кансорцыума, каб арганізаваць аднаканальную схему экспарту. Гэта наўрад ці пройдзе праз антыманапольнае заканадаўства Расіі, але пытанне абмяркоўваецца", - дадаў прадстаўнік "Белдзяржхарчпрама".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі