10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі вывучаюць магчымасць стварэння холдынга на базе кандытарскай фабрыкі "Камунарка", паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Іван Данчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Хацелася б бачыць у складзе холдынга ў першую чаргу "Слодыч", але ў цэлым структура абмяркоўваецца. Працуе Нацыянальная акадэмія навук. Вывучаны вопыт ААТ "Савушкін прадукт" у гэтай галіне", - сказаў Іван Данчанка.
На думку гендырэктара, для забеспячэння канкурэнтаздольнасці прадпрыемствам трэба адпавядаць сусветным тэндэнцыям для ўмацавання, росту аб'ёмаў вытворчасці. У прыватнасці, "Камунарка" плануе пашыраць вытворчыя плошчы. "Патрэбна новая пляцоўка або новы корпус на дзеючай пляцоўцы, каб было куды развівацца ў наступнай пяцігодцы. Цяпер мы ўваходзім у план дэталёвага планавання разам з "Мотавела", будзе развівацца прамысловая зона. Уздоўж вуліцы Трасцянецкай нам даюць магчымасць правесці рэканструкцыю плошчаў", - адзначыў ён. У перспектыве таксама плануецца будаўніцтва лагістычнага цэнтра.
Кандытарская фабрыка спецыялізуецца на выпуску шакаладу, цукерак, какава-парашку, вафель. Прадпрыемства мае больш чым стагадовую гісторыю. Вытворчыя магутнасці складаюць 30 тыс. т салодкай прадукцыі ў год (больш за 250 найменняў).-0-