Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 кастрычніка 2022, 09:01

У Беларусі ўведзены мараторый на павышэнне цэн на ўнутраным рынку

7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўведзены мараторый на павышэнне цэн (тарыфаў) на ўнутраным рынку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы.

Так, з 6 кастрычніка 2022 года юрыдычныя асобы ўсіх форм уласнасці і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць вытворчасць (увоз) і (або) рэалізацыю тавараў на ўнутраны рынак або аказваюць паслугі на тэрыторыі Беларусі, не змогуць павысіць цэны на ўсе тавары, як харчовыя, так і нехарчовыя, і паслугі.

Таксама не дапускаецца павышэнне цэн (тарыфаў) у выніку адмены акцый, скідак і распродажаў.

Рашэнні аб павышэнні цэн будуць прымаць рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам і толькі ў выпадку эканамічнай мэтазгоднасці.

Устанаўленне цэн (тарыфаў) на тавары (паслугі), якія да 6 кастрычніка 2022 года не выраблены (не ўвозіліся, не рэалізоўваліся, не аказваліся) у Беларусі, таксама ўзгадняецца з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі ўраду, з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам.

МАРГ, іншым рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму даручана ажыццяўляць кантроль за насычэннем рынку таварамі (паслугамі), а таксама прадастаўлены паўнамоцтвы на прыпыненне работы аб'ектаў, дзеяння спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) у выпадку парушэння патрабаванняў пастановы ўрада.

Асноўная задача гэтай пастановы - гарантыя справядлівых цэн.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі