Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 лютага 2021, 09:53

У Беларусі ўведзена ліцэнзаванне імпарту кардоннай і папяровай ўпакоўкі

10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўведзена ліцэнзаванне імпарту кардоннай і папяровай упакоўкі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 8 лютага 2021 года нумар 76, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе канцэрна "Беллеспаперапрам".

Дакумент устанаўлівае, што ўвоз у Беларусь асобных відаў кардоннай і папяровай упакоўкі пры пападанні пад мытную працэдуру выпуску для ўнутранага спажывання будзе праводзіцца па разавых ліцэнзіях. Выдаваць такія ліцэнзіі будзе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з канцэрнам "Беллеспаперапрам".

Згодна з дакументам, Міністэрству замежных спраў неабходна ва ўстаноўленым парадку паведаміць Еўразійскай эканамічнай камісіі аб прынятай меры, а таксама ўнесці на разгляд ЕЭК прапанову аб прымяненні іншымі дзяржавамі - членамі ЕАЭС аналагічных мер.

"Прыняцце гэтай меры абумоўлена ростам імпарту папяровай і кардоннай упакоўкі ў Беларусь (у тым ліку з Украіны), што прывяло да зніжэння аб'ёмаў выпуску аналагічных відаў прадукцыі цэлюлозна-папяровых прадпрыемстваў краіны і "Беллеспаперапрама" і абумовіла недазагрузку існуючых вытворчых магутнасцей. Так, аб'ём імпарту скрыней і каробак з гафрыраванай паперы або кардону з Украіны за апошнія 5 гадоў вырас у 1,7 раза, мяшкоў і пакетаў - у 2,9 раза. Значны рост аб'ёмаў імпарту часта суправаджаўся больш нізкім узроўнем увазных цэн, які справакаваў зніжэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і замяшчэнне іх імпартнымі аналагамі", - звярнулі ўвагу ў прэс-службе.

У канцэрне падкрэслілі, што вытворчыя магутнасці арганізацый "Беллеспаперапрама" даюць магчымасць забяспечыць патрэбнасці краіны ў кардоннай і папяровай упакоўцы і цалкам замясціць імпарт аналагічнай прадукцыі з Украіны (на суму каля $15,6 млн). На прадпрыемствах канцэрна можна выпускаць да 220 млн кв.м транспартнай упакоўкі з гафрыраванага кардону за год і да 70 млн папяровых пакетаў і мяшкоў за месяц. Пры гэтым загрузка вытворчых магутнасцей арганізацый канцэрна ў сярэднім складае 62 працэнты па транспартнай упакоўцы з гафрыраванага кардону, 35 працэнтаў - па папяровых пакетах і мяшках.

"Дзякуючы прынятаму беларускім урадам рашэнню ўвесці ліцэнзаванне імпарту кардоннай і папяровай упакоўкі і падтрымцы беларускіх вытворцаў сітуацыя ў цэлюлозна-папяровай галіне павінна стабілізавацца. За кошт зніжэння імпарту прадпрыемства павялічаць выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі ўнутры краіны", - рэзюмавалі ў канцэрне.

Пастанова ўступае ў сілу праз 10 дзён пасля яе афіцыйнага апублікавання і дзейнічае на працягу шасці месяцаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі