Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 чэрвеня 2024, 19:35

У Беларусі ўсталявалася гарачыня: як яе пераносяць сельгаскультуры

У Беларусі настала сапраўдная спёка. Паводле прагнозаў, у бліжэйшыя дні тэмпература паветра будзе падымацца да 34 градусаў. Тэмпературны фон перавышае кліматычную норму. У спякотнае сухое надвор'е многія людзі адчуваюць дыскамфорт. А як з такімі ўмовамі спраўляюцца сельскагаспадарчыя культуры? Як летняя гарачыня ўплывае на ход уборачнай кампаніі? На гэтыя пытанні адказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела аграметэаралогіі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Алег Клінцэвіч.

Як адзначыў Алег Клінцэвіч, высокі тэмпературны рэжым паскарае развіццё сельскагаспадарчых культур. Менавіта з-за такіх тэмператур у краіне сёлета рана пачалося жніво.

"У многіх раёнах паўднёвай часткі краіны і на захадзе пачалося паспяванне насення азімага рапсу. У азімай пшаніцы, трыцікале і жыта прадаўжаецца наліў зерня. У азімага ячменю на асноўных масівах ідзе выспяванне, адзначаецца васковая спеласць. У паўднёвай частцы Беларусі з апярэджаннем шматгадовых тэрмінаў настала поўная спеласць азімага ячменю, гаспадаркі пачалі ўборку. На ўчастках, за якімі ідзе назіранне, у яравой пшаніцы прадаўжаецца фарміраванне зярняўкі, на асноўнай плошчы на поўдні Беларусі ў яравога ячменю і аўса ідзе наліў зерня", - расказаў аграметэаролаг.

Што датычыцца лёну, паводле даных маршрутнага абследавання, на асноўных масівах рост сцябла завяршыўся. Наступіла зялёная спеласць насення. Месцамі на поўначы і ва ўсходняй частцы краіны ідзе цвіценне лёну.

У раёнах, дзе яшчэ захоўваецца добрае ўвільгатненне верхняга слоя глебы, усталяванае вельмі цёплае надвор'е спрыяе развіццю кукурузы, грэчкі, цеплалюбівай агародніны, што вырошчваецца ў адкрытым грунце, складаюцца добрыя ўмовы для правядзення агратэхнічных мерапрыемстваў па апрацоўцы пасеваў.

"Разам з тым пад уплывам павышанага тэмпературнага рэжыму і дэфіцыту ападкаў ідзе страта вільгаці з глебы, у першую чаргу з верхніх слаёў, што можа неспрыяльна ўплываць на сельгаскультуры", - звярнуў увагу прадстаўнік Белгідрамета.

Паводле апошніх даных візуальных назіранняў, слабае ўвільгатненне верхняга 10-сантыметровага слоя глебы адзначаецца на большай частцы тэрыторыі Беларусі. Паводле даных метэастанцый Лынтупы, Беразіно і Мазыр, верхні слой глебы сухі. Сярэдняя тэмпература глебы на глыбіні 10 см павысілася ў асноўным да плюс 23-25, месцамі да 26-27 градусаў, што неспрыяльна для клубнеўтварэння бульбы.

Як адзначыў аграметэаролаг, сухое надвор'е дае магчымасць падтрымліваць высокія тэмпы нарыхтоўкі кармоў, уборкі азімага ячменю, правядзення работ па нарыхтоўцы сена. Аднак у бліжэйшы час чакаюцца дажджы рознай інтэнсіўнасці. Яны павінны папоўніць запасы глебавай вільгаці, але могуць ускладніць аграметэаралагічныя ўмовы для ўборачнай кампаніі.

Паводле інфармацыі Мінсельгасхарча, у краіне скошана другім укосам больш за чвэрць траў ад іх агульнай плошчы 1055 тыс. га. Ва ўборку азімага ячменю актыўна ўключыліся ўсе рэгіёны, акрамя Віцебскай вобласці, дзе з-за кліматычных умоў ураджай выспявае пазней. Актыўна ідзе ў краіне і ўборка азімай свірэпіцы.

Валерыя ГАЎРЫЛАВА,
БЕЛТА.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі