23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сельгасарганізацыях Беларусі бульба ўбрана з 13,2 тыс. га, што складае 47,9 працэнта плошчаў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аператыўную інфармацыю Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Усяго ў гэтым годзе пад бульбу адведзена 27,7 тыс. га. Паводле даных на 23 верасня, накапана 430,8 тыс. т бульбы. У сярэднім з 1 га ў бягучым годзе збіраюць 325,2 ц бульбы, гэта на 35,9 ц больш за мінулагодні паказчык. Лідарам ва ўборцы другога хлеба з'яўляецца Віцебская вобласць, там на сёння ўбрана 60,9 працэнта плошчаў бульбы. Таксама ў гэтым рэгіёне самы высокі паказчык ураджайнасці - 404,5 ц/га. Крыху менш - 395,3 ц/га - збіраюць у Магілёўскай вобласці.
Прадаўжаецца ў гаспадарках краіны і ўборка цукровых буракоў. На 23 верасня яны ўбраны з 25 тыс. га, што складае 26,6 працэнта ад агульнай плошчы. Сабрана больш за 1,13 млн т салодкіх караняплодаў пры ўраджайнасці 453,2 ц/га (гэта на 29,6 ц больш, чым у мінулым годзе). Цукрыстасць буракоў складае 16,23 працэнта. У кошт дзяржзаказу прададзена 731,5 тыс. т цукровых буракоў, што складае 35,1 працэнта ад плана.
Азімыя збожжавыя ў Беларусі пасеяны больш як на 828 тыс. га, гэта каля 61 працэнта да плана. У цэлым у гэтым годзе азімыя збожжавыя зоймуць 1352,3 тыс. га сельгасплошчаў. Паводле даных на 23 верасня, у Магілёўскай вобласці засеяна 74,5 працэнта плошчаў, Віцебскай - 58,6 працэнта, Мінскай - 64,3 працэнта, Брэсцкай і Гродзенскай - 63 працэнты і 61,6 працэнта адпаведна, у Гомельскай вобласці - 46,1 працэнта.-0-