Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 красавіка 2021, 14:29

У Беларусі рэгулююцца цэны на 55 працэнтаў тавараў - МАРГ

15 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі рэгулююцца цэны на 55 працэнтаў тавараў. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Інфляцыя цяпер знаходзіцца на ўзроўні вышэйшым за прагноз. У гадавым выражэнні індэкс спажывецкіх цэн склаў 108,5 працэнта. Што датычыцца індэкса спажывецкіх цэн на сацыяльна значныя тавары, гэты паказчык складае 7,1 працэнта. Намі былі прыняты некаторыя рашэнні, якія садзейнічалі зніжэнню інфляцыі. Мы ацэньваем гэты эфект як мінус 0,8 працэнтнага пункта", - сказаў Уладзімір Калтовіч.

У ліку прынятых мер - пастановы МАРГ аб рэгуляванні цэн на сацыяльна значныя тавары і пастанова Савета Міністраў нумар 100 ад 23 лютага "Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці".

"Пастанова Саўміна фактычна замарозіла цэны на асноўныя харчовыя тавары першай неабходнасці. У любога дзеяння ёсць плюсы і мінусы, але мы лічым, што гэта ўсвядомленая неабходнасць, якая мае часовы характар", - адзначыў міністр.

"Мы рэгулюем сёння 55 працэнтаў усіх спажывецкіх цэн. Гэта часовы парадак, мэта якога - зніжэнне інфляцыйнага ўсплёску, звязанага з увядзеннем ПДВ, ростам сусветных цэн на прадукты харчавання і сыравіну. Гэта тонкая работа, паколькі мы павінны вырашыць трыадзіную задачу: забяспечыць фінансавую стабільнасць прадпрыемстваў (вытворцаў, гандлю, імпарцёраў), наяўнасць тавараў шырокага асартыменту на паліцах і не пагоршыць сітуацыю з плацяжамі за пастаўленыя тавары", - звярнуў увагу Уладзімір Калтовіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі