Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 лістапада 2019, 11:42

У Беларусі прапануюць павялічыць плату за арганізацыю збору палімернай упакоўкі і пластыкавага посуду

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прапануюць павялічыць плату для юрыдычных асоб за арганізацыю збору палімернай упакоўкі і пластыкавага посуду. Адпаведная пастанова Савета Міністраў вынесена на грамадскае абмеркаванне на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

У праекце пастановы прапануецца павялічыць плату, якая ўносіцца вытворцамі і пастаўшчыкамі на рахунак ДУ "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў" за арганізацыю збору адходаў. Павышэнне закране плату за збор палімернай упакоўкі і пластыкавага посуду.

Як адзначаюць распрацоўшчыкі дакумента, павелічэнне памераў платы накіравана на паэтапнае зніжэнне выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі і яе замяшчэнне экалагічна бяспечнай упакоўкай са шкла, паперы або біяраскладальнай, плата за якія не павялічваецца.

У абгрунтаванні праекта пастановы таксама прыводзіцца вопыт Еўрапейскага саюза ў гэтым плане. Так, адной з мер у ЕС для абмежавання выкарыстання пластыкавых вырабаў (нараўне з поўнай забаронай на вытворчасць і рэалізацыю асобных тавараў) з'яўляецца ўвядзенне экалагічнага падатку для вытворцаў пластмасавай упакоўкі і вырабаў. У Беларусі поўная забарона на продаж аднаразовых палімерных вырабаў не можа быць рэалізавана ў кароткатэрміновай перспектыве, паколькі ў адпаведнасці з Дагаворам аб ЕАЭС такія абмежаванні могуць уводзіцца толькі па ўзгадненні з краінамі-партнёрамі па ЕАЭС.

Павелічэнне памераў платы за палімерную ўпакоўку і посуд павінна стымуляваць пераход вытворцаў і пастаўшчыкоў на выкарыстанне экалагічна бяспечнай упакоўкі са шкла або паперы і шматразовага посуду ў грамадскім харчаванні.

Пры гэтым дадатковыя сумы паступаючых сродкаў ад вытворцаў і пастаўшчыкоў у выглядзе платы за арганізацыю збору будуць накіроўвацца выключна на фінансаванне мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы збору, абясшкоджвання і выкарыстання адходаў.

Заўвагі і прапановы па праекце пастановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі або накіраваць арганізатару грамадскага абмеркавання (Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі) з 11 па 21 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі