Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 студзеня 2019, 09:12

У Беларусі плануюць скараціць колькасць адміністрацыйных працэдур для венчурных інвестараў

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца скараціць колькасць адміністрацыйных працэдур для венчурных інвестараў. Гэта прадугледжана папраўкамі ў закон аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алена Каляснёва.

Важнае новаўвядзенне датычыцца венчурнага фінансавання і накіравана на тое, каб стварыць умовы для актывізацыі патэнцыяльных інвестараў у сферы інавацый. "Новаўвядзенні будуць садзейнічаць скарачэнню колькасці адміністрацыйных працэдур. Уводзіцца, у прыватнасці, новая трактоўка тэрміна "венчурная арганізацыя". Цяпер такой лічыцца камерцыйная арганізацыя, якая з'яўляецца суб'ектам інавацыйнай інфраструктуры і зарэгістравана ДКНТ. У законапраекце прапануецца азначэнне, якое дасць магчымасць адысці ад рэгістрацыі. Гэта будзе садзейнічаць пашырэнню пераліку арганізацый, што могуць займацца венчурным фінансаваннем", - растлумачыла Алена Каляснёва.

Дакумент прыводзіцца ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам і практыкай прымянення. Так, асноўныя задачы дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі дапаўняюцца з улікам рэалізацыі дэкрэта нумар 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Парламентарый нагадала, што ў 2016 годзе быў прыняты ўказ нумар 106 "Аб дзяржаўных праграмах і аказанні дзяржаўнай фінансавай падтрымкі". Некаторыя нарматыўныя прававыя акты пасля гэтага страцілі сілу. Яны рэгулявалі пытанні фарміравання і рэалізацыі дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця. Дакладна прапісаць парадак яе распрацоўкі, фінансавання і выканання прапануецца ў абноўленым законе. Акрамя таго, у ім канкрэтызаваны крыніцы фінансавання мерапрыемстваў праграмы, дадзены іх падрабязны пералік, удакладняюцца кампетэнцыя дзяржорганаў і іншых арганізацый у сферы дзяржрэгулявання інавацыйнай дзейнасці.

Характарызуючы дакумент у цэлым, Алена Каляснёва адзначыла, што ён накіраваны на развіццё арганізацыйных і прававых адносін у галіне дзяржаўнай інвестыцыйнай палітыкі, стварае ўмовы для ўдасканалення механізмаў інавацыйнай дзейнасці. Плануецца, што папраўкі будуць разгледжаны ў першым чытанні на вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі