Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 жніўня 2020, 17:33

У Беларусі плануецца дадаткова пабудаваць як мінімум шэсць пелетных заводаў

6 жніўня, Жыткавіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца пабудаваць дадаткова як мінімум шэсць пелетных заводаў. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа ў час адкрыцця такога прадпрыемства ў Жыткавічах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рашэнне аб узвядзенні прадпрыемстваў прынята ўжо, падкрэсліў Віталь Дрожжа. "Работа ў гэтым напрамку актыўна вядзецца. Па шэрагу лясгасаў унесена перадаплата за абсталяванне. У бліжэйшы час завершым усе праектныя работы, пачнём непасрэдна будаўніцтва", - расказаў міністр.

Паводле слоў Віталя Дрожжы, гэта правільны і перспектыўны напрамак. "Уся Еўропа арыентавана на змяншэнне спажывання вуглевадародаў. Паліўныя пелеты - гэта альтэрнатыўная біясыравіна, аднаўляльныя крыніцы. Гэта прадукцыя высокарэнтабельная, і створаныя ў нас пелетныя заводы рэнтабельныя. Ніякіх пытанняў з іх акупнасцю не павінна быць. Калі гаварыць пра эканамічны эфект, то за чэрвень першы мільён долараў мы ўжо зарабілі. Па выніках года мы чакаем $15 млн валютнай выручкі", - падкрэсліў ён.

Дыслакацыі новых заводаў таксама ўзгоднены, сярод іншых гэта Гомель, Старыя Дарогі, Асіповічы, Орша. Яны вызначаліся з прывязкай да сыравіннай зоны.

У маі 2019 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу па перапрацоўцы ўсяго існуючага драўнянага рэсурсу ўнутры краіны, у тым ліку нізкаякаснай драўніны. Адзін з варыянтаў перапрацоўкі - стварэнне пелетных вытворчасцей. З шасці запланаваных па даручэнні кіраўніка дзяржавы аб'ектаў на пачатак жніўня ўведзены пяць: у Пружанскім, Клічаўскім, Барысаўскім доследным, Навагрудскім і Жыткавіцкім лясгасах. У гэтым месяцы будзе адкрыты таксама завод у Мазырскім доследным лясгасе. Мінлясгас дадаткова рэалізаваў яшчэ адзін праект - у Капыльскім доследным лясгасе. Арыенціровачны кошт усіх праектаў - Br81 млн. Гэта ўласныя сродкі лясгасаў, а таксама крэдытныя рэсурсы.

"Адкрыццё такіх вытворчасцей вырашае адразу некалькі задач. Ствараюцца працоўныя месцы, зніжаюцца астаткі незапатрабаванай нізкаякаснай драўніны ў лясах. Да таго ж, гэта дасць магчымасць выпускаць запатрабаваны на замежным рынку прадукт з высокай дабаўленай вартасцю, прыцягваючы ў краіну дадатковую валютную выручку", - падкрэслілі ў Мінлясгасе. Паводле даных спецыялістаў, стварэнне шасці пелетных вытворчасцей дасць магчымасць дадаткова прыцягнуць у перапрацоўку штогод да 350 тыс. куб.м нізкаякаснай драўніны і больш за 120 тыс. куб.м адходаў лесапілавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі