ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Аўторак, 27 кастрычніка 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 верасня 2020, 13:41

У Беларусі план па замене цеплавых сетак да ацяпляльнага сезона выкананы на 74 працэнты

У час прэс-канферэнцыі
У час прэс-канферэнцыі

22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі план па замене цеплавых сетак да ацяпляльнага сезона выкананы на 74 працэнты. Аб гэтым паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Святлана Цімошкіна на прэс-канферэнцыі ў БЕЛТА, прысвечанай гатоўнасці арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аб'ектаў энергетыкі да работы ў асенне-зімовы перыяд.

Паводле даных прадстаўніка Мінжылкамгаса, гадавое заданне па замене цеплавых сетак выканана ў краіне на 74 працэнты, у поўным аб'ёме створаны запасы драўнянага паліва, сфарміраваны 752 аварыйна-аднаўленчыя брыгады, у гатоўнасці знаходзяцца 15 перасовачных модульных кацельняў і 570 аўтаматычных перасовачных крыніц электразабеспячэння. Праверана гатоўнасць дыспетчарскіх службаў, праведзены планавыя трэніроўкі па разгортванні перасовачных блочных модульных кацельняў ва ўмовах, максімальна набліжаных да тых, якія могуць скласціся пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый у кацельнях і на цеплавых сетках.

Для ўтрымання вулічна-дарожных сетак у зімовы перыяд у цэлым па рэспубліцы падрыхтавана 3903 адзінкі снегаўборачнай тэхнікі, нарыхтавана 241 тыс. т пясчана-саляной сумесі. Завяршаецца работа па атрыманні пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц да работы ў асенне-зімовы перыяд, якія знаходзяцца на абслугоўванні арганізацый ЖКГ. Паводле аператыўных даных, па стане на 21 верасня атрымана 98,9 працэнта пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц, і гэта работа да 30 верасня будзе завершана.

Намеснік начальніка ўпраўлення адзначыла, што ў час падрыхтоўкі аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі да работы ў асенне-зімовы перыяд арганізацыі ЖКГ рэалізавалі арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы для ўстойлівага функцыянавання сістэм жыццезабеспячэння насельніцтва, аб'ектаў сацыяльна-культурнага і бытавога прызначэння. Паводле яе інфармацыі, пры падрыхтоўцы аб'ектаў ЖКГ да работы ў ацяпляльны сезон міністэрства вядзе штотыднёвы кантроль па 13 асноўных паказчыках, а штомесячны кантроль - па 89 паказчыках. "Гэтыя мерапрыемствы гарантуюць надзейнае і бесперабойнае безаварыйнае вода- і цеплазабеспячэнне жылога фонду, забяспечваюць функцыянаванне ўсёй інфраструктуры гарадскіх і сельскіх населеных пунктаў краіны ў ацяпляльны перыяд", - падкрэсліла Святлана Цімошкіна.

Генеральны дырэктар ДУ "Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд" Аляксандр Азярэц у сваю чаргу паведаміў, што па стане на 21 верасня Дзяржэнергагазнагляд зарэгістраваў 25 013 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі з 28 731, што падлягаюць афармленню (87,1 працэнта), а таксама 9426 пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц з 10 579, што падлягаюць афармленню (89,1 працэнта).

У разрэзе арганізацый ЖКГ і аб'ектаў, якія ўваходзяць у сістэму Мінэнерга, зарэгістравана 347 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі (86,7 працэнта) і 3494 пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц (98,5 працэнта) арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама 423 пашпарты гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі (95,9 працэнта) і 256 пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц (97,3 працэнта) арганізацый Міністэрства энергетыкі.

"Для своечасовай рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці суб'ектаў гаспадарання да работы ў асенне-зімовы перыяд персанал Дзяржэнергагазнагляду працуе і ў выхадныя дні", - падкрэсліў Аляксандр Азярэц.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі