Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 снежня 2020, 16:20

У Беларусі колькасць спажываемай электрамабілямі энергіі за год павялічылася ў 4 разы

1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць спажываемай электрамабілямі энергіі ў Беларусі за год павялічылася ў 4 разы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе "Беларуснафты".

"Электрамабілі - адна з нямногіх галін, якія ў 2020 годзе прадэманстравалі прырост як у Беларусі, так і ў свеце ў цэлым. Паводле ацэнак сеткі ЭЗС Malanka, колькасць электракараў у краіне перавысіла ўжо 1,6 тыс., а спажыванне энергіі павялічылася ў 4 разы і дасягнула 6,4 млн кВт/гадз. Улічваючы агульнасусветныя тэндэнцыі да пераходу на экалагічныя віды транспарту і пры ўмове прыняцця новых мер стымулявання ў Беларусі, эксперты прагназуюць, што да 2030 года па дарогах краіны ў аптымістычным сцэнарыі можа калясіць звыш 565 тыс. электрамабіляў і спажываць каля 2,3 млрд кВт/гадз, што складзе 12,5 працэнта ўсёй магутнасці БелАЭС", - расказалі ў прэс-службе.

Яшчэ ў чэрвені колькасць электрамабіляў у Беларусі ацэньвалася ў 400 штук, але пасля адмены ПДВ і мытнай пошліны машыны з зялёнымі нумарамі сталі сустракацца на вуліцах гарадоў усё часцей. Нацыянальны аператар па развіцці ў Беларусі сеткі электразаправачных станцый - ВА "Беларуснафта", якому належыць брэнд Malanka, - прагназуе далейшы значны рост электратранспарту. Да канца 2021 года, грунтуючыся на даных Bloomberg NEF і Міжнароднага энергетычнага агенцтва, эксперты чакаюць, што ў Беларусі будзе 5 тыс. электракараў, у 2022-м па базавым сцэнарыі - 25,8 тыс., у 2023-м - 54 тыс., у 2024-м - 82,8 тыс. і ў 2025-м - 112,2 тыс. Аднак існуе і больш агрэсіўны сцэнарый, па якім колькасць электрамабіляў да 2025 года складзе больш за 230 тыс.

Напрыклад, Украіна ў выніку прымянення шэрага аналагічных стымулюючых мер (адмены мытных пошлін, ПДВ і іншых абавязковых плацяжоў) дабілася росту парку электрамабіляў і плагін-гібрыдаў да больш як 40 тыс., прычым у 2016 годзе там было зарэгістравана ўсяго каля 4,46 тыс. "Трэба таксама ўлічыць, што мадэльны рад і цэны на электракары цяпер значна ступілі ў пазітыўны бок у параўнанні з 2016-м. Напрыклад, Dacia Spring будзе самым танным электрамабілем у Еўропе. Цана на электрамабіль у Венгрыі з улікам субсідый складзе каля $12 890", - дадалі ў прэс-службе.

У адпаведнасці з прагнозамі загадзя выбудоўваецца і сетка заправачных станцый: толькі за гэты год колькасць ЭЗС павялічылася ў 2 разы - з 200 да 400. У бліжэйшыя гады з'явяцца суперхуткія зарадкі, здольныя за некалькі хвілін зарадзіць сучасныя электрамабілі.

Акрамя легкавых аўтамабіляў, у Беларусі плануюць укараняць электробусы: у бліжэйшыя гады яны будуць больш актыўна з'яўляцца ў гарадах. Плануецца развіваць і грузавы электрычны транспарт. У верасні МАЗ прадставіў свой першы электрычны грузавік, здольны на адной зарадцы праязджаць каля 100 км.

У час Форуму па развіцці электрамабільнасці E-Mobility - 2020 абмяркоўваліся дадатковыя меры па стымуляванні развіцця электратранспарту. Напрыклад, выдаваць ільготныя крэдыты на куплю электрамабіляў, прадаставіць ільготнае падаткаабкладанне кампаніям, якія перасадзілі сваіх вадзіцеляў на электракары, што асабліва актуальна для службаў таксі, дастаўкі, каршэрынгу, дазволіць аўто з зялёнымі нумарамі рухацца па паласе для грамадскага транспарту, а электрычным грузавікам даць магчымасць бясплатна карыстацца платнымі дарогамі. Калі ўсё неабходнае будзе зроблена, то да 2030 года доля электратранспарту ў нацыянальным аўтамабільным парку можа скласці каля 14 працэнтаў, або 565 тыс. электрамабіляў, якія спажываюць мінімум 2,3 млрд кВт/гадз.

"Два гады таму сусветныя эксперты гаварылі, што да 2030-га кожны чацвёрты прададзены аўтамабіль будзе на электрацязе. Сёння яны сыходзяцца на думцы, што гэта будзе кожны другі прададзены аўтамабіль, і такое змяненне прагнозу нядзіўна. Напрыклад, у Нарвегіі ў 2020 годзе доля продажаў "чыстых" электрамабіляў ужо перавысіла 60 працэнтаў ад агульных продажаў аўтамабіляў у краіне, а ў еўрапейскіх краінах у цэлым продажы электрыфікаваных аўтамабіляў упершыню перавысілі продажы аўто з дызельнымі рухавікамі", - адзначыў намеснік генеральнага дырэктара "Беларуснафты" Андрэй Коцік.

Ён звярнуў увагу, што буйнейшыя сусветныя аўтаканцэрны ўжо заявілі аб намеры сканцэнтравацца на выпуску толькі EV-аўтамабіляў. Да 2022-га BMW на ўсіх сваіх заводах у Германіі будзе вырабляць цалкам электрычныя аўтамабілі, Honda да канца гэтага ж года спыніць вытворчасць дызельных сілавых агрэгатаў у Еўропе. Volkswagen Group патраціць каля 73 млрд еўра на электрыфікацыю, гібрыдныя сілавыя агрэгаты і лічбавыя тэхналогіі на працягу наступных 5 гадоў. Да 2025-га Nissan пачне прадаваць у Кітаі толькі электрычныя і гібрыдныя аўтамабілі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі