Сцяг Аўторак, 9 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 чэрвеня 2025, 10:27

Турчын: умацаванне тэхналагічнага суверэнітэту - стратэгічная задача ЕАЭС
 

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Умацаванне тэхналагічнага суверэнітэту - стратэгічная задача ЕАЭС. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у час урачыстага адкрыцця Еўразійскага эканамічнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь у аснову сваёй знешняй палітыкі ставіць эканамічную дыпламатыю, галоўнае ў якой спрашчэнне працэдур гандлю, імкненне выбудаваць узаемавыгадную мадэль супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі. На аснове названых прынцыпаў будуецца і інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў рамках ЕАЭС, якое за мінулыя 10 гадоў прынесла значныя вынікі і стала важным інструментам развіцця для ўсіх дзяржаў-членаў, у тым ліку і для Беларусі. Так, з 2015 па 2024 год экспарт Беларусі ў краіны ЕАЭС вырас больш як у 2,5 раза. За 10 гадоў у рамках ЕАЭС аб'ём прамысловай вытворчасці нашай краіны павялічыўся амаль на 20 працэнтаў", - сказаў Аляксандр Турчын.

Пры гэтым беларускі бок неаднаразова заяўляў аб неабходнасці прыняцця дзейсных мер, накіраваных на ўмацаванне тэхналагічнага суверэнітэту ЕАЭС. "Аб'яднаўшы нашы ўнікальныя кампетэнцыі, мы зможам стварыць эксклюзіўную прадукцыю, дасягнуць поўнай тэхналагічнай незалежнасці. Выкарыстанне гэтых патэнцыялаў павінна стаць задачай стратэгічнага развіцця саюза", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Беларусі ёсць што прапанаваць еўразійскім партнёрам, падкрэсліў ён. "Мы маем значны вопыт у машынабудаванні, нафтахіміі, дрэваапрацоўцы, развіцці аграпрамысловага комплексу. Беларусь уваходзіць у лік лідараў па вытворчасці кар'ерных самазвалаў гандлёвай маркі БЕЛАЗ. Адна з мадэлей унесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі аўтамабіль. Беларускія тавары ў ЕАЭС даўно добра ведаюць і любяць, а брэнд "Зроблена ў Беларусі" стаў для многіх сінонімам якасці. І мы маем намер свой аўтарытэт у гэтым пытанні падтрымліваць", - зрабіў акцэнт кіраўнік беларускага ўрада.
Беларусь уносіць важкі ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі ЕАЭС. Доля нашай краіны ва ўзаемным гандлі саюза харчовымі таварамі перавышае 40 працэнтаў. Паводле слоў Аляксандра Турчына, Беларусь заўсёды гатова гарантаваць пастаўкі якасных прадуктаў харчавання на рынкі партнёраў па EАЭС.

"Наша краіна ўваходзіць у лік сусветных лідараў па экспарце ІТ-паслуг на душу насельніцтва. Мабільныя дадаткі, створаныя рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, выкарыстоўваюць звыш 1 млрд людзей у больш як 190 краінах свету. Мы гатовы актыўна ўдзельнічаць ва ўзгадненні лічбавых палітык дзяржаў - членаў ЕАЭС, развіцці кібербяспекі і абароны ад лічбавых пагроз, стымуляванні інавацый і падтрымцы стартапаў у сферы інфармацыйных тэхналогій", - абазначыў прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, сённяшняя тэма форуму - "Стратэгія еўразійскай эканамічнай інтэграцыі: вынікі і перспектывы" - выбрана не выпадкова. "Прэзідэнт Беларусі ў звароце да кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС адзначыў, што 2025 год з'яўляецца знакавым. Завяршаючы пяцігодку рэалізацыі стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай інтэграцыі, мы фарміруем фундамент для паспяховага старту новага этапу, закладзенага ў дэкларацыі "Еўразійскі эканамічны шлях". Гэтыя два дакументы лепш за ўсё адказваюць на галоўныя пытанні аб вынікахі перспектывах інтэграцыйнага будаўніцтва на еўразійскай прасторы. Дыялог аб стратэгіі еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, яе выніках і перспектывах дасць магчымасць дзяржавам - членам ЕАЭС зверыць гадзіннікі для далейшага сумеснага руху наперад", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.

"Такое маштабнае міжнароднае мерапрыемства, як Еўразійскі эканамічны форум, - унікальная пляцоўка, дзе прадстаўнікі дзяржаўнай улады, бізнесу і экспертнай супольнасці абменьваюцца думкамі, дзеляцца вопытам, знаходзяць шляхі вырашэння сумесных задач у розных сферах дзейнасці. Высокі інтарэс да ўдзелу ў форуме пацвярджае рэальную запатрабаванасць такіх мазгавых штурмаў. Упэўнены, што многія з вас прыбылі сюды з папярэднімі дамоўленасцямі, ідэямі па актывізацыі супрацоўніцтва, укараненні новых форм і метадаў работы. Няхай форум прынясе карысць кожнаму ўдзельніку, адкрые новыя гарызонты і натхніць на рэалізацыю маштабных праектаў. Жадаю плённай працы і паспяховых перагавораў", - рэзюмаваў Аляксандр Турчын.-0-

Фота Максіма Гучака, Віталя Піваварчыка
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі