Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 мая 2020, 13:59

Цэнтры падтрымкі бізнесу, створаныя па праекце "Малыя гарады", вельмі запатрабаваны - Салаўёва

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Створаныя па праекце "Малыя гарады" структуры і цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва ў пілотных рэгіёнах дапамагаюць у няпростай сітуацыі вырашаць эканамічныя задачы. Аб гэтым заявіла сёння Пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва ў час відэаканферэнцыі па выніках праекта ПРААН і Мінэканомікі "Малыя гарады", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У красавіку завяршыўся праект "Садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Рэспублікі Беларусь" ("Малыя гарады"), які на працягу трох гадоў рэалізоўвалі ПРААН і Мінэканомікі пры фінансавай падтрымцы Расійскай Федэрацыі. Агульны бюджэт склаў амаль $1,2 млн. Дадатковае фінансаванне выдзеліў Банк развіцця Рэспублікі Беларусь па сумесна распрацаванай крэдытнай праграме "Падтрымка рэгіёнаў і жаночага прадпрымальніцтва". Прадастаўлена $5,8 млн для 140 праектаў суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Створаная на сродкі праекта інфраструктура прадаўжае развіваць малы бізнес у гэтых рэгіёнах.

Аляксандра Салаўёва падзякавала ўсім партнёрам за аказаную падтрымку і інтарэс да праекта, які стаў паспяховым прыкладам аб'яднання намаганняў урада, донараў, мясцовых адміністрацый, фінансавых інстытутаў і бізнесу. "Спадзяёмся, што такіх праектаў у нас стане больш. І мы зможам шмат зрабіць у той час, калі Беларусь мае патрэбу ў падтрымцы ў сувязі з пандэміяй COVID-19. Бізнес-цэнтры, інкубатары і іншыя акселератары росту, якія мы з вамі стварылі, ужо сёння дапамагаюць у няпростай сітуацыі вырашаць эканамічныя задачы, якія паставіла Беларусь: істотна павялічыць уклад малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП, скараціць разрыў паміж эканамічнымі магчымасцямі гарадоў і рэгіёнаў, знізіць патокі ўнутранай міграцыі, асабліва моладзі. Гэта важная частка і нашай краінавай праграмы, - сказала Аляксандра Салаўёва. - З аднаго боку, COVID-19 нясе сур'ёзныя выклікі і рызыкі, якія негатыўна ўплываюць на сацыяльна-эканамічныя працэсы, асабліва на малы і сярэдні бізнес, сітуацыю ў рэгіёнах, на слабаабароненыя групы насельніцтва. У той жа час сітуацыя стварае пэўныя магчымасці для бізнесу: прымяняць новыя практыкі, лічбавыя тэхналогіі, магчыма, адкрываць новыя рынкі і бізнес-працэсы. Усе генератары, створаныя па праекце, спадзяюся, падштурхнуць мясцовы бізнес у патрэбным напрамку".

Па праекце была створана інфраструктура падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу ў шасці гарадах - Крычаве, Мсціславе, Чавусах, Горках, Барані і Глыбокім. Пры гэтым у якасці эксперыменту нават з'явіліся гібрыдныя формы абслугоўвання прадпрымальнікаў: цэнтры падтрымкі таксама займаюцца бізнес-інкубаваннем або інтэгруюць бізнес-інкубатар у тэхнапарк. Дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак падкрэсліла, што праект поўнасцю адпавядаў дзяржаўным праграмам. "Праект садзейнічаў дасягненню ключавых паказчыкаў гэтых дакументаў. Самы яркі вынік - з'яўленне 4 новых цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва, новы штуршок да развіцця двух ужо існуючых цэнтраў. Для жыхароў малых гарадоў адкрыліся новыя магчымасці. Наколькі яны змогуць імі скарыстацца, залежыць ад устойлівасці работы створаных структур", - сказала яна.

Цяпер на ўсіх створаных пляцоўках дасведчаныя эксперты кансультуюць, дапамагаюць складаць бізнес-планы, шукаць выгадныя крыніцы фінансавання. Некаторыя цэнтры нават даюць у арэнду абсталяваныя памяшканні для офіса на льготных умовах. "За час сваёй работы цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва правялі больш за 1,1 тыс. бясплатных кансультацый, больш за 130 навучальных семінараў і трэнінгаў, - расказала кіраўнік праекта Марына Каліноўская. - Дзякуючы гэтаму ў пілотных гарадах ужо зарэгістраваны 18 ІП, 12 новых арганізацый, больш за 30 чалавек сталі самазанятымі. Больш за 3 тыс. чалавек навучыліся асновам прадпрымальніцтва, маркетынгу, франчайзінгу, фінансаванню малога бізнесу ў рэгіёнах. Асаблівую цікавасць выклікалі 5 бізнес-школ "Я сама", дзе жанчын не толькі навучалі асновам вядзення бізнесу, але і дапамагалі пераадолець унутраныя бар'еры і стэрэатыпы аб жаночым прадпрымальніцтве. З улікам усіх мерапрыемстваў, якія правялі цэнтры падтрымкі прадпрымальнікаў, карысць атрымалі амаль 7 тыс. чалавек".

Па праекце былі распрацаваны спецыяльныя навучальныя дапаможнікі па асновах прадпрымальніцтва, франчайзінгу і кластарах у рэгіёнах. Бясплатна іх атрымаць могуць усе жадаючыя ва ўсіх шасці цэнтрах падтрымкі прадпрымальніцтва, а таксама ў электронным выглядзе на сайце ПРААН.

Адбылося нямала мерапрыемстваў (напрыклад, кааперацыйныя біржы) па пашырэнні дзелавога супрацоўніцтва паміж малым і сярэднім бізнесам Беларусі і Расіі. У час навучальных паездак і стажыровак у Расію, наведвання профільных выставак прадпрымальнікі і прадстаўнікі раённых адміністрацый падпісалі не менш як 50 пагадненняў аб супрацоўніцтве і дагавораў аб пастаўках. Устаноўлены пабрацімскія сувязі паміж беларускімі і расійскімі гарадамі, а гэта дадатковыя магчымасці для росту бізнесу.

Старшы саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Анатоль Семянцоў адзначыў паспяховасць праекта і падкрэсліў, што актывізацыя рэсурсаў малога і сярэдняга бізнесу на перыферыі, у рэгіёнах Беларусі, якая з'яўляецца стратэгічным партнёрам Расіі, выгадна і бенефіцыярам праекта, і донарам. Ён выказаў надзею на рэалізацыю новых сумесных праектаў у будучым.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі