Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 кастрычніка 2019, 15:06

Цэнтрабанкі Беларусі і РФ абмяркоўваюць гарманізацыю падыходаў да банкаўскага нагляду, а не ўніфікацыю - Калечыц

14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтрабанкі Беларусі і РФ абмяркоўваюць гарманізацыю падыходаў да банкаўскага нагляду, а не іх уніфікацыю, паведаміў сёння журналістам намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Калечыц, адказваючы на пытанне аб падрыхтоўцы дакументаў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Моманты, якія разглядаюцца, - гэта выпрацоўка гарманізаваных падыходаў да правядзення манетарнай палітыкі, пытанні гарманізацыі падыходаў да банкаўскага нагляду. Гэта значыць, напрыклад, калі наш банк хоча прыйсці на расійскі рынак або расійскі інвестар прыйсці і арганізаваць банк тут, ён павінен разумець, што гэтыя патрабаванні даволі гарманізаваныя. Яны не адзіныя, не аднолькавыя, але блізкія, каб проста стварыць зручнасць і для прадпрыемстваў, і для банкаў", - адзначыў Сяргей Калечыц.

Намеснік старшыні Нацбанка нагадаў, што міжведамасная група і з беларускага, і з расійскага боку адпрацоўвае пытанні, якія забяспечвалі б выкананне дамоўленасцей па інтэграцыйнай тэматыцы. Па сутнасці, гэта пытанні адносна роўных умоў гаспадарання для прадпрыемстваў, грамадзян, банкаў. "Па банкаўскай лініі тыя ж тэмы мы разглядаем. На сёння ў нас ніякіх непаразуменняў тут няма", - сказаў ён.

"Калі мы хочам гарманізаваць, дапусцім, падыходы да правядзення банкаўскага нагляду, нейкіх патрабаванняў да банкаў, то, зразумела, павінен быць нейкі план дзеянняў: які шлях прайсці кожнай краіне, што змяніць у сваім заканадаўстве, каб забяспечыць, падкрэслю яшчэ раз, не поўную ўніфікацыю, а хаця б гарманізацыю для дасягнення блізкіх прынцыпаў", - дадаў намеснік старшыні Нацбанка.

Адказваючы на пытанне аб магчымых тэрмінах падрыхтоўкі такога плана дзеянняў у банкаўскай сферы, Сяргей Калечыц растлумачыў, што ён рыхтуецца ў пакеце з іншымі інтэграцыйнымі дакументамі. "Мы ў кантэксце гэтага плана. Хоць нашы мерапрыемствы ў высокай ступені ўзгодненасці, іх можна было б праводзіць, гэта карысна для нашых эканомік. Але афіцыйнае зацвярджэнне будзе тады, калі па ўсіх сферах будуць гатовы гэтыя планы", - растлумачыў ён.

Як паведамлялася, у пачатку верасня на ўзроўні прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі быў узгоднены праект праграмы дзеянняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве і пералік дарожных карт. Цяпер бакам неабходна распрацаваць 31 дарожную карту для рэалізацыі гэтай праграмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі