Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 сакавіка 2019, 18:02

Тавараабарот БУТБ у студзені-лютым вырас на 44 працэнты

14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сума здзелак у ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" ў студзені-лютым дасягнула Br772 млн, што на 44 працэнты больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года, паведаміў БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

Найбольшая ўдзельная вага ў біржавым тавараабароце прыпала на секцыю лесапрадукцыі, у якой з пачатку года праведзена больш за 11 тыс. здзелак на суму Br361 млн. Тым самым паказчык 2018 года перавышаны на 63 працэнты па колькасці здзелак і ў два разы - па іх суме. Па традыцыі лідарамі продажаў на ўнутраным рынку сталі круглыя лесаматэрыялы і паслугі па нарыхтоўцы драўніны і правядзенні лесагаспадарчых мерапрыемстваў, а на знешнім - піламатэрыялы і шчэпкі. Так, аб'ём рэалізацыі кругляка айчынным дрэваапрацоўшчыкам склаў Br119 млн, або плюс 83 працэнты да студзеня - лютага 2018 года. Таксама ў 2,3 раза (да Br41 млн) выраслі продажы паслуг па лесанарыхтоўцы, будаўніцтве лясных дарог і лесааднаўленні. Дадатную дынаміку прадэманстравала і сума здзелак з папяровай прадукцыяй, якая, прыбавіўшы 3 працэнты да выніку мінулага года, склала Br5,7 млн. Што датычыцца экспартных біржавых таргоў лесапрадукцыяй, то самай запатрабаванай групай тавараў сталі піламатэрыялы, якія забяспечылі Br156 млн тавараабароту, што на 81 працэнт больш, чым за першыя два месяцы 2018 года. У той жа час па тэмпах росту самы лепшы вынік паказалі шчэпкі і драўняныя адходы - у 7,5 раза (да Br28 млн).

На другое месца па суме біржавых здзелак зрушылася секцыя металапрадукцыі, якая выконвае функцыю забеспячэння сыравінай беларускіх прадпрыемстваў. Па выніках студзеня-лютага тавараабарот па гэтай секцыі дасягнуў Br209 млн, што на 3 працэнты менш, чым за той жа перыяд мінулага года. Адмоўная дынаміка абумоўлена зніжэннем продажаў вугалю на ўнутраным рынку, а таксама абмежаваннем квоты на экспарт лому і адходаў чорных і каляровых металаў, што прывяло да скарачэння аб'ёму іх рэалізацыі. Разам з тым па іншых таварных групах назіраўся ўпэўнены рост паказчыкаў. У прыватнасці, рэалізацыя чорных металаў і вырабаў з іх для патрэб рэальнага сектара эканомікі павялічылася на 8 працэнтаў, склаўшы Br164 млн. Акрамя таго, на 29 працэнтаў (да Br13 млн) прыраслі продажы каляровых металаў, вырабаў з іх і лому, у той час як сума здзелак з кабельна-правадніковай прадукцыяй пераадолела адзнаку Br10 млн, дадаўшы 4 працэнты да мінулагодняга выніку.

Секцыя сельгаспрадукцыі БУТБ таксама завяршыла справаздачны перыяд у плюсе, забяспечыўшы павелічэнне агульнай сумы здзелак на 41 працэнт - да Br137 млн. На гэты раз ролю тавараў-лакаматываў узялі на сябе шрот, сухое малако і сыры сычужныя, якія пастаўляюцца на ўнутраны рынак. Па выніках студзеня-лютага продажы шроту выраслі на 23 працэнты (да Br45 млн), рэалізацыя сухога малака павялічылася амаль у 40 разоў (да Br24 млн), а сума здзелак з сычужнымі сырамі перавысіла паказчык 2018 года ў 19,5 раза, дасягнуўшы Br14 млн. Беларускія ўдзельнікі таргоў таксама актыўна закуплялі мяса, правёўшы 126 здзелак на Br5,1 млн, і сметанковае масла - 15 здзелак на Br5,2 млн. Пры гэтым адна з самых ліквідных груп тавараў - злакавыя і кармавыя дабаўкі - крыху здала пазіцыі: сума здзелак па гэтым таварным напрамку скарацілася на 11 працэнтаў да студзеня - лютага 2018 года (да Br25 млн). На знешнім рынку найбольшым попытам карысталіся сметанковае масла і сухое малако. Так, сума экспартных здзелак па масле склала Br7,5 млн, або на 55 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Сухога малака рэалізавана на Br2,3 млн (на 33 працэнты менш). Акрамя таго, адмоўны трэнд закрануў мяса, а таксама жытнюю і пшанічную муку: па мясе зніжэнне склала 62 працэнты, а па муцы - 34 працэнты.

Секцыя прамысловых і спажывецкіх тавараў прадаўжае дэманстраваць высокія паказчыкі росту. За справаздачны перыяд тавараабарот гэтай электроннай гандлёвай пляцоўкі павялічыўся на 53 працэнты і па стане на 1 сакавіка склаў Br65 млн. Як і раней, найбольшым попытам ва ўдзельнікаў біржавых таргоў карысталіся будаўнічыя матэрыялы, тэхналагічнае абсталяванне, механізмы і камплектуючыя.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе, галоўнай функцыяй якой з'яўляецца аказанне садзейнічання беларускім прадпрыемствам па экспарце прадукцыі і прадастаўленні дапамогі замежным кампаніям па выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Па стане на 1 сакавіка 2019 года на БУТБ акрэдытавана 20 813 кампаній, уключаючы 4168 нерэзідэнтаў з 61 краіны свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі