Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 чэрвеня 2021, 12:42

Татарыцкі: акрэдытацыя - пацвярджэнне кампетэнтнасці ў розных сферах эканамічнага жыцця

9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Акрэдытацыя - дзейсны інструмент пацвярджэння кампетэнтнасці і даверу ў самых розных сферах эканамічнага і грамадскага жыцця. Такое меркаванне выказаў старшыня Дзяржстандарту Валянцін Татарыцкі, віншуючы ўдзельнікаў нацыянальнай сістэмы акрэдытацыі з Сусветным днём акрэдытацыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе камітэта.

9 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень акрэдытацыі. Гэта свята - глабальная ініцыятыва, заснаваная Міжнародным форумам па акрэдытацыі (IAF) і Міжнароднай арганізацыяй па акрэдытацыі лабараторый (ILAC) у 2008 годзе.

"Сёння гэта свята па праву займае ўпэўненыя пазіцыі ў дзелавым календары, падкрэсліваючы неабходнасць прымянення акрэдытацыі як дзейснага інструмента пацвярджэння кампетэнтнасці і даверу ў самых розных сферах эканамічнага і грамадскага жыцця. Асабліва ярка гэта адлюстроўвае дэвіз Сусветнага дня акрэдытацыі ў гэтым годзе - "Акрэдытацыя: садзейнічанне ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця", - падкрэсліў Валянцін Татарыцкі.

Паводле яго слоў, на працягу многіх гадоў Беларусь паслядоўна развівае акрэдытацыю як неад'емны элемент нацыянальнай інфраструктуры якасці, рэагуючы на запатрабаванні часу. "Існуючая правапрымяняльная практыка паказвае, што сёння мы падышлі да рубяжу, калі рэгуляванне дзейнасці па акрэдытацыі патрабуе асобнага заканадаўства. Асноўны лейтматыў - замацаваць правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне, гібкі падыход да акрэдытацыі ў залежнасці ад сферы дзейнасці, павысіць адкрытасць і даступнасць вынікаў дзейнасці для розных груп карыстальнікаў. Канцэпцыя такога закона падрыхтавана ўжо і знаходзіцца на ўзгадненні ў Савеце Міністраў", - сказаў ён.

Старшыня камітэта адзначыў, што рэестр Нацыянальнай сістэмы акрэдытацыі ўключае 2142 выпрабавальныя, праверачныя, калібровачныя, медыцынскія лабараторыі, 125 органаў па сертыфікацыі прадукцыі, сістэм менеджменту і персаналу, 25 інспекцыйных органаў, а таксама правайдар кваліфікацыі і орган па сертыфікацыі "Халяль". Па існуючых выпрабавальных і вымяральных магчымасцях акрэдытаваных суб'ектаў Беларусь займае вядучыя пазіцыі на рэгіянальных узроўнях.

"Мы актыўна выступаем з рознымі ініцыятывамі на інтэграцыйных пляцоўках ЕАЭС і СНД, развіваем укараненне міжнародных стандартаў у галіне акрэдытацыі і ацэнкі адпаведнасці як аснову для ўдасканалення і гарманізацыі заканадаўстваў дзяржаў-членаў і стварэння рэальных выгад для нацыянальных эканомік. З'яўляючыся падпісантам шматбаковых пагадненняў аб узаемным прызнанні вынікаў ацэнкі адпаведнасці з міжнароднымі арганізацыямі па акрэдытацыі, орган па акрэдытацыі ў асобе Беларускага дзяржаўнага цэнтра акрэдытацыі (БДЦА) прадастаўляе айчынным экспарцёрам магчымасці для зніжэння затрат пры выкананні ўмоў доступу прадукцыі на розныя рынкі збыту. У павышэнні запатрабаванасці гэтых пераваг для пашырэння экспартнай геаграфіі беларускай прадукцыі бачым актуальную задачу. Маем намер таксама ўзмацняць значнасць акрэдытацыі ў забеспячэнні належнай работы празрыстага рынку прадукцыі і паслуг, заснаванай на іх бесстаронняй і кампетэнтнай ацэнцы", - канстатаваў Валянцін Татарыцкі.

Штогод IAF і ILAC вызначаюць тэму свята, на гэты раз яна звязана з МУР. Беларусь нараўне са 193 краінамі свету ў 2015 годзе далучылася да парадку дня ААН у галіне ўстойлівага развіцця і прыняла абавязацельствы забяспечыць да 2030 года дасягненне 17 глабальных мэт у эканамічнай, сацыяльнай і экалагічнай сферах. За мінулы час у краіне шмат што зроблена для іх дасягнення: выбудавана архітэктура кіравання, у аснову якой закладзена дзейнасць нацыянальнага каардынатара па дасягненні МУР, створаны Савет па ўстойлівым развіцці, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, сфарміраваны міжведамасныя рабочыя групы. Функцыянуюць парламенцкая і партнёрская групы, а таксама грамадскі савет па фарміраванні і маніторынгу стратэгій устойлівага развіцця. Прагрэс у дасягненні МУР адсочваецца Нацыянальным статыстычным камітэтам у цесным міжведамасным супрацоўніцтве з дзяржаўнымі органамі, адказнымі за рэалізацыю МУР.

Развітая інфраструктура ацэнкі адпаведнасці Беларусі, якая падтрымліваецца прызнанай на міжнародным узроўні сістэмай акрэдытацыі, з'яўляецца дзейсным інструментам дасягнення МУР.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі