
7 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парадак кансалідацыі бюджэтных патрабаванняў у працэдурах эканамічнай неплацежаздольнасці павінен быць простым і зразумелым. Аб гэтым заявіў дырэктар Дэпартамента па санацыі і банкруцтве Юрый Тараканаў у час рабочай сустрэчы спецыялістаў дэпартамента з супрацоўнікамі МПЗ і Міністэрства юстыцыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі пытанні, звязаныя з перадачай падатковым органам крэдыторскіх патрабаванняў ад імя дзяржавы і мясцовай улады пасля ўзбуджэння спраў аб неплацежаздольнасці ў адпаведнасці з законам аб урэгуляванні неплацежаздольнасці. "Ні адзін рубель не павінен быць страчаны для бюджэту пры адміністраванні абавязковых плацяжоў у ходзе працэдур санацыі або банкруцтва", - падкрэсліў Юрый Тараканаў.
Практыка эканамічнай неплацежаздольнасці сведчыць, што ў больш як 80 працэнтах выпадкаў дзяржава з'яўляецца крэдыторам, які прымае рашэнні па пытаннях фінансава-гаспадарчай дзейнасці даўжнікоў.
Цяпер ад імя Беларусі і адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак пры ўрэгуляванні неплацежаздольнасці выступае шырокае кола суб'ектаў. Аднак з 1 кастрычніка 2023 года гэта пытанне будзе ў кампетэнцыі падатковых органаў. У Мінэканомікі адзначылі, што ў адрозненне ад МПЗ, Мінфіна і яго органаў, фінансавых упраўленняў і аддзелаў абласных, раённых і гарадскіх выканкамаў, мытнай службы, якія маюць шматгадовую практыку ўдзелу ў працэдурах банкруцтва, іншыя дзяржорганы не заўсёды валодаюць у належнай меры ведамі і навыкамі работы з праблемнымі даўгамі, часам прапускаюць устаноўлены тэрмін падачы патрабаванняў або нават не заяўляюцца ў якасці крэдытора.-0-