Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 чэрвеня 2024, 17:49

Сустрэчны гандаль і інвестыцыі ў вытворчасць. Галоўчанка аб перспектывах супрацоўніцтва Беларусі і Кубы

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час сустрэчы з намеснікам прэм'ер-міністра Кубы Рыкарда Кабрысасам Руісам абазначыў перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва дзвюх краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларусь і Куба не проста партнёры, а даўнія сябры і таварышы, адзначыў Раман Галоўчанка. "Мы сумесна процістаім санкцыйнаму націску, гегемоніі. Гэта адказ на праводзімую намі незалежную і суверэнную знешнюю і ўнутраную палітыку. Наша суверэнная палітыка накіравана на нацыянальнае развіццё і паляпшэнне жыцця нашых народаў", - сказаў ён.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, апошнім часам двухбаковы дыялог Беларусі і Кубы актывізаваўся на ўсіх узроўнях, што не можа не радаваць. "У мінулым годзе я двойчы сустракаўся з прэм'ер-міністрам Кубы, у тым ліку ў ходзе яго афіцыйнага візіту ў Беларусь. Мы прадметна абмеркавалі ўсе сумесныя напрамкі супрацоўніцтва і намецілі дакладныя крокі па нарошчванні ў першую чаргу двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У сувязі з гэтым я вітаю ваш візіт у рамках беларуска-кубінскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве", - дадаў кіраўнік беларускага ўрада.

Менавіта гэта камісія павінна напрацоўваць пакеты сумесных праектаў, якія трэба будзе рэалізоўваць, упэўнены Раман Галоўчанка. "Можна канстатаваць, што пэўныя поспехі ў нашых эканамічных адносінах ёсць: у мінулым годзе мы падвоілі аб'ём тавараабароту, у гэтым годзе таксама назіраецца добрая дынаміка. Пакуль не ва ўсіх сферах мы дабіліся патрэбных вынікаў", - заўважыў ён.

Раман Галоўчанка вылучыў дзве сферы, на якіх Беларусі і Кубе трэба сканцэнтравацца. Першая - гэта пашырэнне аб'ёмаў і механізмаў сустрэчнага гандлю, а другая - праекты, якія датычацца сумесных інвестыцый у вытворчую сферу.

"Лічу, што падрыхтоўчыя стадыі ў абмеркаванні гэтых праектаў зацягнуліся. Мы ўжо дастаткова азнаёміліся з магчымасцямі і патрэбнасцямі адзін аднаго. Трэба паставіць кропку ў гэтым пытанні і працаваць ужо канкрэтна. Адны з якарных напрамкаў - медыцына і фармацэўтыка, якія вельмі развітыя ў нашых краінах", - звярнуў увагу прэм'ер-міністр.

Раман Галоўчанка адзначыў, што застаюцца актуальнымі праекты па стварэнні зборачных вытворчасцей трактарнай тэхнікі на Кубе, а таксама выпуску натуральнамалочнай прадукцыі з беларускай сыравіны. "Таму я хацеў бы, каб у рамках работы камісіі былі прыняты неабходныя рашэнні", - падкрэсліў ён.

Акрамя таго, адзначыў прэм'ер, сфера навукі валодае вялікім патэнцыялам. "За два гады было падпісана больш за 60 дакументаў аб супрацоўніцтве паміж адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі дзвюх краін, у асноўным у галінах фармацэўтыкі, біятэхналогій, хіміі, ветэрынарыі. Мы хацелі б, каб гэтыя пагадненні ажыццявіліся і былі ўкаранёны ў вытворчасць", - дадаў ён.

Раман Галоўчанка таксама адзначыў, што Беларусь вельмі даражыць асаблівымі - цёплымі і братэрскімі - адносінамі з Рэспублікай Куба. "Мы гатовы да далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва на ўзаемавыгадных умовах", - рэзюмаваў кіраўнік урада.-0-

Фота Паўла Арлоўскага
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі