Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
17 чэрвеня 2020, 15:36

Сума міжбюджэтных разлікаў Беларусі і Расіі па нафце будзе вызначана па выніках 2020 года - Мезенцаў

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сума міжбюджэтных разлікаў Беларусі і Расіі па нафце будзе вызначана па выніках 2020 года. Яна складзе дзясяткі і дзясяткі мільёнаў долараў. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасол пракаменціраваў падрыхтоўку пагаднення паміж міністэрствамі фінансаў Беларусі і Расіі па міжбюджэтных разліках па нафце. Размова ідзе аб кампенсацыі астатняй часткі прэміі за кошт расійскага бюджэту. Паводле слоў Дзмітрыя Мезенцава, дакладную лічбу дапамогі, якая аказваецца беларускаму энергетычнаму комплексу, можна будзе назваць па выніках года, калі будзе зразумела, колькі мільёнаў тон нафты пастаўлена ў Беларусь.

Пры гэтым ён адзначыў, што аб'ём сродкаў, якія накіруюць беларускаму боку, лёгка будзе вылічыць, памножыўшы лічбы фактычна пастаўленай нафты на кампенсацыю, якую выдзеліць расійскі бок на кожную тону сыравіны. Пасол Расіі адзначыў "без утойвання, што самыя дакладныя лічбы журналісты атрымаюць у канцы года. Цяпер, паводле прагнозу, гэта дзясяткі і дзясяткі мільёнаў долараў".

Як паведамлялася, пастаўкі ад буйных нафтавых кампаній з Расіі прыпыняліся з 1 студзеня з-за таго, што не былі дасягнуты дамоўленасці адносна цаны. Беларусь палічыла немэтазгодным плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям у ранейшых аб'ёмах. У красавіку пастаўкі ад буйных НК адноўлены, была дасягнута дамоўленасць, што расійскія кампаніі будуць пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі, частку прэміі кампенсуе расійскі ўрад з дапамогай міжбюджэтных разлікаў. У Мінфіне Беларусі 25 сакавіка паведамлялі аб пачатку работы над механізмам міжбюджэтных нафтавых разлікаў.

"Няма ніякіх сумненняў, што такая дамоўленасць будзе пацверджана пісьмовым пагадненнем, дадатковым пратаколам. Гэта таксама вынік асаблівых саюзніцкіх адносін расійскага боку да брацкай Беларусі. Гэта сур'ёзныя крокі ў падтрымку таго запыту, які быў абазначаны з Мінска ў канцы мінулага - пачатку гэтага года. Сума значная", - адзначыў Дзмітрый Мезенцаў. Ён нагадаў, што восенню мінулага года былі ўзгоднены балансы паставак. Прадугледжвалася, што аб'ём нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь, будзе ад 18 да 24 млн т па годзе.

У пачатку мая першы намеснік прэм'ер-міністра Дзмітрый Крутой (4 чэрвеня назначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА) інфармаваў, што пагадненне паміж міністэрствамі фінансаў Беларусі і Расіі па міжбюджэтных разліках па нафце амаль гатова. "Дамоўленасці адносна 2020 года, якія дасягнуты з Расійскай Федэрацыяй па кампенсацыі астатняй часткі прэміі за кошт расійскага бюджэту, на фінальнай стадыі. Пагадненне амаль гатова. Думаю, мінфіны яго вось-вось фіналізуюць", - сказаў тады Дзмітрый Крутой.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі