Сцяг Аўторак, 8 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 чэрвеня 2025, 17:56

Сучасныя дарогі і ўключэнне другаснай сыравіны ў гасабарот. Турчын аб прыярытэтах пяцігодкі

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын абазначыў прыярытэтныя напрамкі развіцця на наступную пяцігодку на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў "Аб рэалізацыі дзяржаўных праграм, у тым ліку аб ацэнцы эфектыўнасці іх рэалізацыі ў 2021-2024 гадах", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прыярытэтныя напрамкі развіцця на наступную пяцігодку кіраўніком дзяржавы вызначаны. Сярод іх важная роля адведзена будаўніцтву якасных дарог, павышэнню ўзроўню выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў і развіццю патэнцыялу выкарыстання пелетаў. Трэба адрамантаваць і рэканструяваць 25 тыс. км аўтамабільных дарог. Гэта ў 1,9 раза больш, чым запланавана ў бягучай пяцігодцы. Прычым размова ідзе не толькі аб кіламетрах і пагонных метрах. Гэта павінны быць дарогі, якія адпавядаюць сучасным стандартам якасці", - сказаў Аляксандр Турчын.

На яго думку, акцэнт неабходна зрабіць на мясцовай дарожнай сетцы. "Малыя населеныя пункты, аграгарадкі павінны мець дастойныя ўмовы транспартных зносін з раённымі і абласнымі гарадамі. Якасныя сучасныя дарогі разам з арэндным жыллём - ключавыя элементы ў стратэгіі рэгіянальнага развіцця ў новай пяцігодцы", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Сярод прыярытэтаў на наступную пяцігодку і работа з адходамі. Дзяржпраграма "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе" міжведамаснай камісіяй па дзяржаўных праграмах прызнана эфектыўнай. "Аднак кіраўніком дзяржавы на нарадзе 20 мая пастаўлены канкрэтныя задачы па павышэнні эфектыўнасці работы з адходамі - кардынальна вырашыць пытанне па мінімізацыі пахавання цвёрдых камунальных адходаў на палігонах, забяспечыць эфектыўнае ўключэнне другаснай сыравіны ў гаспадарчы абарот", - нагадаў Аляксандр Турчын.

Што датычыцца пелетаў, патрабаванне кіраўніка дзяржавы - павялічыць іх выкарыстанне на ўнутраным рынку краіны. "Сёння магутнасці прадпрыемстваў, якія вырабляюць пелеты, задзейнічаны менш як на 10 працэнтаў. Неабходна паскорыць работу па пераводзе кацельняў на выкарыстанне гэтага віду паліва. Асаблівую ўвагу ўдзяліць кацельням у аграгарадках", - паставіў задачу прэм'ер-міністр.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі