Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 верасня 2020, 16:40

Субоцін: у гэтым годзе ўдалося істотна знізіць сабекошт сыравіны для цукровай галіны

4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў бягучым годзе ўдалося істотна знізіць сабекошт сыравіны для цукровай галіны. Аб гэтым паведаміў у інтэрв'ю газеце "Рэспубліка" намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым годзе была праведзена вялікая работа па зніжэнні сабекошту сыравіны для цукровай галіны. І яго ўдалося істотна знізіць. Паводле папярэдніх ацэнак, у бягучым годзе ў краіне вытворчасць цукру будзе рэнтабельнай. Такая ацэнка грунтуецца на аснове падліку ўраджайнасці, аптымізацыі лагістыкі дастаўкі сыравіны для заводаў. Плюс на заводах укаранілі новыя тэхналогіі, што робіць таннейшай перапрацоўку. Таксама вырасла сусветная цана на цукар. Мы для сябе адкрылі некалькі новых рынкаў. І гэта ўсё садзейнічае таму, каб канчатковы кошт прадукту вырас і перасягнуў сабекошт", - сказаў Аляксандр Субоцін.

Паводле яго слоў, больш дакладна і ўзважана правесці ацэнку можна будзе праз некалькі тыдняў пасля запуску цукровых камбінатаў. "Тады зразумеем, колькі цукар каштуе. З лагістыкай, сыравінай і гэтай далей. Думаю, папярэднія даныя атрымаем у сярэдзіне кастрычніка", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

"Як паказвае практыка, рынак цукру дастаткова валацільны ў свеце і залежыць ад вялікай колькасці фактараў, нават ад цаны на нафту. Калі цэны на яе падаюць і цукровы трыснёг у Бразіліі перастаюць перапрацоўваць у біяпаліва, гэты сырэц выгружаецца на сусветны рынак у выглядзе цукру, і, адпаведна, цана на салодкі прадукт падае. Адваротны працэс: цэны павялічваюцца, калі адбылася засуха або не выраслі буракі, калі ўпала цукрыстасць. Улічваць трэба ўсё. Пастаянна нешта мяняецца і пастаянна трэба трымаць руку на пульсе", - падкрэсліў Аляксандр Субоцін.

У Беларусі чатыры цукровыя заводы. Як адзначыў віцэ-прэм'ер, калі цукар быў дарагім, планавалі пабудаваць пяты і нават шосты завод. "Цяпер для нашых унутраных патрэбнасцей дастаткова два заводы. І якія закрываць, а якія пакінуць? Усюды працуюць людзі. Калі нам хапае двух заводаў для ўнутранага рынку, значыць, трэба два заводы арыентаваць толькі на экспарт. Трэба заводы дазагружаць рознымі прадуктамі, каб яны не толькі цукар выраблялі, але і джэмы, канфіцюр і гэтак далей", - звярнуў увагу ён.

Паводле слоў намесніка старшыні канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аляксандра Якоўчыца, у гэтым годзе вытворчасць цукровых буракоў запланавана ў аб'ёме 4,9 млн т. З такой колькасці сыравіны можна атрымаць амаль 650 тыс. т цукру за сезон. Што датычыцца экспарту белага цукру, у гэтым годзе ён пастаўляецца ў 22 краіны свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі