Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 кастрычніка 2021, 16:42

Субоцін: стаіць задача ўбраць кукурузу максімальнымі тэмпамі

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаіць задача ўбраць кукурузу максімальнымі тэмпамі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы даволі актыўна ў гэтым годзе ішлі да завяршэння ўборачнай і падрыхтоўкі да пасяўной наступнага сезона. Учарашнія даручэнні Прэзідэнта, вядома ж, нададуць яшчэ большае напружанне гэтаму працэсу. Пацвярджэнне - праводзімая сёння селектарная нарада з рэгіёнамі. Мы зверым гадзіннікі, вызначым, якія праблемы ёсць, дзе трэба дабавіць, падцягнуцца. Паліва і ўгнаенняў хапае, механізатары на месцах, тэхніка працуе ў полі, а калі ламаецца, то аператыўна чыніцца. Створаны банк даных па адсутных запчастках", - сказаў Аляксандр Субоцін.

У Беларусі амаль завершана ўборка бульбы. "Таксама ўбрана дзве трэці кукурузы на зерне. Прагноз на ўраджай даволі аптымістычны. Ужо больш за 1,1 млн т зерня кукурузы мы паклалі ў засекі, разлічваем, што дабавім яшчэ некалькі соцень тысяч тон. Акрамя таго, сабралі ўжо больш за 2,6 млн т цукровых буракоў. Актыўна ўбіраем агародніну. Засталося гэтыя тэмпы не страціць і паспяхова завяршыць ва ўстаноўленыя тэрміны (да 7 лістапада) асноўную масу работ", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што стаіць задача ўбраць кукурузу максімальнымі тэмпамі. "Мабілізаваны ўсе магчымыя магутнасці па ўборцы. Стараемся ў цяперашні ідэальны пагодны адрэзак убраць як мага больш", - дадаў ён.

Віцэ-прэм'ер звярнуў увагу на тое, што ўраджайнасць кукурузы ў краіне ў бягучым годзе вырасла. "У сувязі са змяненнем клімату, больш цёплымі ўмовамі надвор'я кукуруза становіцца больш камфортнай для вырошчвання на нашай тэрыторыі. Гэта культура займае дастойную нішу ў нашым харчовым караваі", - заўважыў ён.

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун у сваю чаргу расказаў журналістам аб падрыхтоўцы да пасяўной кампаніі наступнага года. Ён падкрэсліў, што ўраджай у многім залежыць ад агратэхнікі, падрыхтоўкі глебы. "Падрыхтоўка глебы заўсёды стрымлівала веснавыя палявыя работы. Таму наша задача - максімальна выканаць пад'ём зябліва да ўстойлівых замаразкаў. Тэмпы работ павялічаны. Пастаўлена задача, што энерганасычаныя трактары павінны ўключыцца ў работу", - праінфармаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі