Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 красавіка 2021, 17:47

Субоцін: прагноз на ўраджай-2021 пазітыўны

23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія аграрыі чакаюць добры ўраджай, нягледзячы на халодную зіму, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін у ходзе прэзентацыі новай зерневай сеялкі вытворчасці ААТ "АМКАДОР", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

"Загінула не больш за 3 працэнты азімых. Гэта вельмі добра. А што зіма была халодная, зіма такая, якая павінна быць. Прагноз на ўраджай пакуль пазітыўны. Галоўнае - усім укласціся ў агратэхнічныя тэрміны", - сказаў Аляксандр Субоцін. Пры гэтым ён адзначыў перавагі энерганасычанай тэхнікі, якая дае магчымасць не выходзіць за аптымальныя тэрміны.

Цяпер у гаспадарках Дзяржынскага раёна праходзіць выпрабаванні зерневая пнеўматычная сеялка AMKODOR VERAS-12000. Віцэ-прэм'ер падкрэсліў неабходнасць укаранення такой тэхнікі ў сістэму сельскай гаспадаркі. "Шыроказахватны пасяўны агрэгат дае магчымасць апрацоўваць вялікія аб'ёмы зямлі, ва ўстаноўленыя тэрміны засейваць і атрымліваць раўнамерныя ўсходы і добры ўраджай. Чым больш будзе такіх машын, тым больш эфектыўнай будзе сельская гаспадарка", - лічыць ён.

Сеялка з шырынёй захопу 12 м прызначана для сяўбы самых розных культур - ад збожжавых і зернебабовых да крыжакветных і траў. Яна агрэгатуецца з трактарамі цягавага класа 5.0, магутнасцю ад 300 к.с. У канструкцыі ўлічана магчымасць прымянення самых сучасных метадаў землекарыстання, уключаючы і тэхналогіі, якія будуць прымяняцца ў будучым. Пасля завяршэння выпрабаванняў "АМКАДОР" будзе гатовы забяспечваць беларускіх аграрыяў новымі сеялкамі, прычым гэта адбудзецца ўжо ў бягучым годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі