Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 лістапада 2021, 13:05

Субоцін: АПК Беларусі нарошчвае вытворчы патэнцыял і пашырае геаграфію экспарту

29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. АПК Беларусі нарошчвае вытворчы патэнцыял і пашырае геаграфію экспарту. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін у час сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі ў Авальнай зале Дома ўрада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Аграпрамысловы комплекс Беларусі з'яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Гэта найважнейшая сфера дзейнасці, якая вызначае не толькі харчовую, сацыяльную, але і палітычную стабільнасць у грамадстве. За апошнія гады дасягнуты істотныя вынікі. Гарантаваны асноўныя крытэрыі харчовай бяспекі, расце вытворчы патэнцыял, пашыраецца геаграфія экспарту", - сказаў Аляксандр Субоцін.

У рэйтынгу глабальнай харчовай бяспекі Беларусь у 2020 годзе заняла 23-е месца ў свеце са 113 краін, пры гэтым у 2019 годзе займала 36-ю пазіцыю. Высока ацэнена наяўнасць нацыянальных праграм і развіццё нарматыўна-прававых дакументаў у галіне якасці і бяспекі прадуктаў харчавання (26-я пазіцыя ў свеце і 18-я ў Еўропе).

"Для задавальнення патрэбнасцей унутранага рынку пераважна за кошт уласных рэсурсаў склаўся дастатковы ўзровень вытворчасці па такіх таварных пазіцыях, як малако (256 працэнтаў ад унутраных патрэб), цукар (больш за 176 працэнтаў), алей (больш за 232 працэнты), мяса (каля 135 працэнтаў), яйкі (126 працэнтаў), збожжа (107,5 працэнта), бульба і агародніна (больш за 100 працэнтаў). Недастатковы ўзровень самазабеспячэння традыцыйна адзначаецца па рыбе (12 працэнтаў), фруктах і ягадах (67 працэнтаў)", - праінфармаваў віцэ-прэм'ер.

Па шэрагу відаў сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў Беларусі ў разліку на аднаго чалавека вытворчасць у некалькі разоў большая, чым у дзяржавах - членах ЕАЭС. У 2020 годзе ў краіне на душу насельніцтва было атрымана амаль 600 кг бульбы і 828 кг малака (больш чым у Расіі і Арменіі).

"Але чым больш інтэнсіўна ідзе развіццё галіны, тым вастрэй адчуваецца неабходнасць удасканалення адносін у сельскагаспадарчай вытворчасці, фарміравання новых эфектыўных метадаў і мадэлей развіцця", - рэзюмаваў Аляксандр Субоцін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі