Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 кастрычніка 2019, 13:59

Страты да 3 працэнтаў ад ВУП - Генпракуратура і КДК сабралі калегію па неабгрунтаваным пасрэдніцтве

16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі і Генеральная пракуратура правялі сёння сумесную калегію, дзе разгледзелі вынікі кантролю за выкананнем заканадаўства ў сферы закупак і меры па спыненні неабгрунтаванага пасрэдніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Удзельнікамі дыскусіі сталі прадстаўнікі практычна ўсіх міністэрстваў і ведамстваў. Старшыня КДК Леанід Анфімаў, адкрываючы калегію, адзначыў, што тэма неабгрунтаванага пасрэдніцтва не новая. З праблемай змагаюцца як мінімум дзесяць гадоў: яшчэ ў 2009 годзе Камітэт дзяржкантролю правёў комплексныя праверкі асобных арганізацый і ўстанавіў факты неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасрэдніцтва пры закупках тавараў.

"Неабгрунтаванае пасрэдніцтва пранікла ва ўсе сферы жыццядзейнасці краіны, вядзе да росту сабекошту прадукцыі, зніжэння даходаў прадпрыемстваў. Нясуць страты дзяржаўны бюджэт і эфектыўнасць эканомікі ў цэлым. Паводле розных ацэнак, пасрэднікі з'ядаюць да 3 працэнтаў ад ВУП - сума вельмі сур'ёзная", - звярнуў увагу Леанід Анфімаў.

Каб не быць галаслоўнымі, ён прывёў прыклад. Паводле слоў кіраўніка КДК, прамыя закупкі каўчуку непасрэдна ў вытворцаў дазволілі б бабруйскай "Белшыне" знізіць кошт адной тоны сыравіны на $50 і атрымаць гадавы эканамічны эфект у памеры $2,5 млн. "Мільёнамі рублёў вылічаюцца фінансавыя страты заводаў пры загрузцы цэменту пасрэднікам на льготных умовах: прадастаўленне скідак, растэрміноўка плацяжу, аплата перавозкі", - агучыў ён яшчэ адзін прыклад.

Леанід Анфімаў таксама задаўся пытаннем, якой логікай кіраваліся на сельгаспрадпрыемствах "Чырвонабярэжскі" і "Луцкае", закупляючы ў індывідуальных прадпрымальнікаў шыны ў 3-4 разы даражэйшыя, чым у афіцыйнага прадстаўніка "Белшыны". Кошт некаторых запчастак быў вышэйшы ў 8-13 разоў. У выніку прадпрыемствы ў сукупнасці панеслі дадатковыя затраты больш як на Br220 тыс.

Старшыня КДК заявіў, што гатовы пералічваць усе непарадкі да самага вечара, і, звяртаючыся да міністраў і іх намеснікаў, папярэдзіў, што неабгрунтаванае пасрэдніцтва прысутнічае ва ўсіх падпарадкаваных ім структурах. "Тлумачэнне тут адно: адсутнасць элементарнага кантролю, - падкрэсліў ён. - Упэўнены, што калі кіраўнік клапоціцца аб сваім прадпрыемстве, работніках, эфектыўным выкарыстанні дзяржаўных сродкаў, то ў пытаннях закупак будзе ўсё празрыста і ў парадку. Але калі ён думае аб уласным дабрабыце, аб сваёй кішэні, то для гэтага з'яўляюцца разнастайныя фірмы-праслойкі, сваяцкія сувязі, схемы і да таго падобнага, што можна назваць ёмістым словам - карупцыйны складнік".

Выказаўся па праблеме неабгрунтаванага пасрэдніцтва і намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук. Ён звярнуў увагу, што поўнае выключэнне пасрэднікаў немагчыма, іх удзел у камерцыйных адносінах часам аб'ектыўна неабходны.

"Праблемай з'яўляецца негатыўны ўплыў пасрэднікаў на эканоміку з-за спекуляцыйнага падаражэння пастаўляемай прадукцыі, работ і паслуг. Пастаўкі няякасных тавараў, закулісныя змовы падрываюць давер канкурэнтным прынцыпам, на якіх павінен грунтавацца выбар пастаўшчыка. Маюць месца факты ўтварэння пратэрмінаванай запазычанасці, у тым ліку з-за невыканання такімі пастаўшчыкамі сваіх абавязацельстваў", - адзначыў Аляксей Стук.

У Генпракуратуры лічаць, што ў Беларусі не да канца створана неабходнае канкурэнтнае асяроддзе: штогод больш за 60 працэнтаў канкурэнтных працэдур пры дзяржаўных закупках не прыводзіць да заключэння гаспадарчых дагавораў. "У час працэдур закупак дапускаецца значная колькасць парушэнняў заканадаўства, што з'яўляюцца вынікам карупцыйных праяў як з боку заказчыкаў, так і з боку пасрэдніцкіх арганізацый", - заявіў намеснік генпракурора. Адным з фактараў, якія стымулююць нядобрасумленных пасрэднікаў, паводле яго слоў, стала нізкая камерцыйная актыўнасць айчынных вытворцаў.

Аляксей Стук дадаў, што пакуль няма ўніверсальнага і праверанага спосабу барацьбы з неабгрунтаваным пасрэдніцтвам. Таму мэта калегіі - выпрацаваць выразныя і эфектыўныя меры процідзеяння гэтай з'яве і забяспечыць іх паслядоўнае выкананне без урону для дзейнасці добрасумленных удзельнікаў рынку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі