
18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўкі на крэдытна-дэпазітным рынку Беларусі ў сакавіку 2023 года прадоўжылі зніжацца. Гэта стала магчымым дзякуючы запаволенню гадавой інфляцыі, якая ў сакавіку склала 6 працэнтаў супраць 11,7 працэнта ў лютым бягучага года. Аб гэтым сведчаць даныя, апублікаваныя на сайце Нацыянальнага банка, паведамляе БЕЛТА.
Сярэдняя працэнтная стаўка па новых крэдытах юрыдычных асоб у нацыянальнай валюце (без уліку льготных) у сакавіку 2023 года склала 9,2 працэнта гадавых, знізіўшыся ў параўнанні з папярэднім месяцам на 0,5 працэнтнага пункта. Такім чынам, крэдыты сталі больш даступнымі для фінансавання бягучай і інвестыцыйнай дзейнасці, што стварае спрыяльныя магчымасці для росту эканомікі.
Больш даступнымі сталі крэдыты і для насельніцтва. Сярэдняя працэнтная стаўка па новых крэдытах у нацыянальнай валюце (без уліку льготных) для фізічных асоб у сакавіку таксама зменшылася на 0,5 працэнтнага пункта і склала 11,1 працэнта гадавых.
У сваю чаргу сярэдняя працэнтная стаўка па новых тэрміновых дэпазітах фізічных асоб у беларускіх рублях у сакавіку 2023 года склала 8,3 працэнта гадавых, знізіўшыся ў параўнанні з папярэднім месяцам на 0,3 працэнтнага пункта.
Найбольш прывабны ўзровень даходнасці банкі прапануюць па доўгатэрміновых дэпазітах. Сярэдняя працэнтная стаўка па новых банкаўскіх укладах насельніцтва на тэрмін большы за год у сакавіку бягучага года склала 12,3 працэнта гадавых.
Даходнасць па новых безадзыўных укладах у сакавіку 2023 года склалася вышэйшай, чым па адзыўных (8,5 працэнта гадавых супраць 7,3 працэнта гадавых адпаведна).-0-