Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 лютага 2020, 16:50

Стартаваў Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва

24 лютага, Мінск /Юлія Неманкова - БЕЛТА/. V Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва праходзіць з 24 лютага па 1 сакавіка. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведаміў старшыня вышэйшага каардынацыйнага савета СЮА "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва" Уладзімір Карагін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Афіцыйна адкрываецца V Тыдзень прадпрымальніцтва. Унікальнасць дзелавога мерапрыемства ў тым, што гэта выключна грамадская ініцыятыва, без замежных грантаў. Гэта сустрэча бізнесу і ўлады, выступленні прадпрымальнікаў у навучальных установах", - сказаў Уладзімір Карагін.

Паводле яго слоў, толькі ў Мінску пройдзе больш за 100 мерапрыемстваў. Ва ўсіх рэгіёнах краіны будуць праведзены акцыі "Прадпрымальнік аб прадпрымальніцтве" і "Дэманструем свой бізнес".

Як адзначыў Уладзімір Карагін, кожная бізнес-асацыяцыя пастаралася ўнесці свой уклад. Так, будзе праводзіцца форум па інтэлектуальнай уласнасці. ТДА "Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва "Камарова" ў Мінску арганізуе форум аб вопыце і развіцці прадпрымальніцтва ў вёсцы. "Да нас далучацца партнёры з Расіі і еўрапейскіх краін. З-за распаўсюджвання каранавіруса шэраг кітайскіх арганізацый перанеслі свой прыезд", - дадаў ён.

Дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Ірына Бабачонак адзначыла, што развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва было і застаецца адным з асноўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. "Урад праводзіць работу па ўдасканаленні бізнес-асяроддзя і павышэнні прывабнасці беларускай юрысдыкцыі для прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэта адзін са стратэгічных напрамкаў нашай работы", - падкрэсліла яна. Суб'екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў 2019 годзе выплацілі ў бюджэт больш за Br9 млрд падаткаў і збораў (на 7 працэнтаў перавышае паказчык 2018-га).

Форум праводзіць Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва пры падтрымцы Міністэрства эканомікі, Дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі, Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва і рэгіянальных бізнес-асацыяцый.

У праграме - семінары, канферэнцыі, выступленні топ-менеджараў і бізнес-лідараў, сустрэчы прадстаўнікоў бізнесу і ўлады, пасяджэнні саветаў па развіцці прадпрымальніцтва, а таксама панэльныя дыскусіі і круглыя сталы, удзельнікі якіх разгледзяць пытанні і прыярытэты развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі. Плануецца, што ў час Тыдня беларускага прадпрымальніцтва будуць прадстаўлены вынікі апытання Індэкса дзелавога аптымізму-2020.

Адным з важнейшых мерапрыемстваў стане другі рэспубліканскі дзелавы форум "Развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі: стратэгія і тактыка". Ён адбудзецца 26 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Упершыню тыдзень беларускага прадпрымальніцтва прайшоў у 2016 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі