Сцяг Пятніца, 16 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 лютага 2025, 15:37

Спажыўкааперацыя апошнія 15 гадоў паступальна нарошчвае аб'ёмы нарыхтоўкі другаснай сыравіны

Фота з архіва
Фота з архіва
26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На працягу апошніх 15 гадоў арганізацыі спажывецкай кааперацыі забяспечваюць дадатную дынаміку росту аб'ёмаў нарыхтовак другасных матэрыяльных рэсурсаў. У 2024 годзе да 2009-га аб'ём іх нарыхтоўкі разам з ломам чорных і каляровых металаў павялічыўся ў два разы. Такую інфармацыю карэспандэнту БЕЛТА агучыла намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюз Аксана Скіндар.

Было адзначана, што сістэма абыходжання з адходамі ў рэспубліцы арыентавана на захаванне прынцыпу прыярытэтнасці выкарыстання адходаў да іх абясшкоджвання або пахавання і на ўключэнне ў гаспадарчы абарот цвёрдых камунальных адходаў, што адносяцца да другасных матэрыяльных рэсурсаў.

"Як правіла, сусветная практыка паказвае, што другасная сыравіна на 20-30 працэнтаў таннейшая за першасныя рэсурсы, што робіць яе як з эканамічнага, так і з экалагічнага пункту гледжання больш прывабнай. Прадукцыя, што вырабляецца з прымяненнем другасных матэрыяльных рэсурсаў, з'яўляецца больш канкурэнтаздольнай па цане, што дае шырокія магчымасці для яе збыту", - звярнула ўвагу Аксана Скіндар.

Напрыклад, выкарыстанне 1 т макулатуры эканоміць 3,5 куб.м драўніны, 1 т другаснай палімернай сыравіны - 0,7 т першаснай, 1 т зношаных шын - 330 кг сінтэтычнага каўчуку, 1 т другаснай тэкстыльнай сыравіны - 700 кг натуральных або сінтэтычных валокнаў. У цэлым, наменклатура прадукцыі, якая вырабляецца з другаснай сыравіны або з яе выкарыстаннем вялікая і налічвае больш за 1 тыс. найменняў.

"Дзяржаўная праграма "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе" на 2021-2025 гады ўключае сем падпраграм, выканаўцам адной з іх "Мэта-99" з'яўляецца Белкаапсаюз. Дзяржпраграма накіравана на павелічэнне аб'ёмаў нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў і задавальненне патрэбнасцей у іх перапрацоўчых арганізацый краіны, - падкрэсліла намеснік старшыні праўлення. - Арганізацыі спажыўкааперацыі забяспечваюць дадатную дынаміку росту аб'ёмаў нарыхтовак другасных рэсурсаў апошнія 15 гадоў. Так, у мінулым годзе ў адносінах да 2009 года аб'ём нарыхтоўкі другаснай сыравіны разам з ломам чорных і каляровых металаў вырас у два разы".

Сёння спажыўкааперацыя нарыхтоўвае другасныя матэрыяльныя рэсурсы праз прыёманарыхтоўчую сетку. Па ўсёй рэспубліцы працуе 773 пункты, у тым ліку 710 стацыянарных і 63 перасовачныя. У мінулым годзе арганізацыі нарыхтавалі 407,1 тыс.т усіх відаў другаснай сыравіны. Насельніцтву за здадзеныя другасныя матэрыяльныя рэсурсы выплачана Br267,6 млн.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі