Сцяг Субота, 12 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 чэрвеня 2025, 16:31

Снапкоў: тавараабарот Беларусі і Ленінградскай вобласці ў 2024 годзе пераадолеў мяжу $1 млрд

Фота з архіва
Фота з архіва
16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2024 годзе ўзаемны тавараабарот Беларусі і Ленінградскай вобласці ўпершыню за многія гады пераадолеў мяжу $1 млрд і да ўзроўню 2020 года павялічыўся ў два разы. Аб гэтым першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў расказаў на 13-м пасяджэнні сумеснай камісіі па развіцці супрацоўніцтва Беларусі і Ленінградскай вобласці з удзелам губернатара расійскага рэгіёна Аляксандра Драздзенкі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

"Ленінградская вобласць займае 7-е месца сярод суб'ектаў Расійскай Федэрацыі па аб'ёме тавараабароту з Рэспублікай Беларусь. Вынікі І квартала 2025 года таксама сведчаць аб яго росце", - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.

Як падкрэсліў Мікалай Снапкоў, разам з тым захоўваюцца рэзервы для далейшага нарошчвання ўзаемнага тавараабароту, забеспячэння яго збалансаванасці.

"У сувязі з гэтым лічу своечасовым правядзенне пасяджэння сумеснай камісіі для выпрацоўкі ўзаемавыгадных напрамкаў далейшага супрацоўніцтва, вызначэння дадатковых апорных кропак, якія будуць закладзены ў фарміраванне абноўленых двухбаковых праграм гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва на 2026-2027 гады", - рэзюмаваў Мікалай Снапкоў.

Першы віцэ-прэм'ер таксама расказаў аб актуальных аспектах бягучага ўзаемадзеяння Беларусі і Ленінградскай вобласці. Першы - пашырэнне супрацоўніцтва ў сферы водападрыхтоўкі і будаўнічым сектары. "За апошнія чатыры гады беларускай арганізацыяй "Палімерканструкцыя" праведзены мантаж больш як 50 станцый водападрыхтоўкі, 5 аб'ектаў знаходзяцца ў працэсе правядзення пусканаладачных работ. У бліжэйшай перспектыве пачнецца рэалізацыя яшчэ 7 праектаў. Якасць абсталявання, яго мантаж і сэрвіснае абслугоўванне забяспечваюцца на самым высокім узроўні", - сказаў ён.

У будаўнічым сектары беларускімі падрадчыкамі з выкарыстаннем беларускіх матэрыялаў вядзецца ўзвядзенне Высоцкага збожжавага тэрмінала ў Выбаргскім раёне. Беларусь таксама зацікаўлена ва ўдзеле ў будаўніцтве новых аб'ектаў рознага тыпу, а таксама ў іх праектаванні.

Другі аспект - супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы. "У цэлым нядрэнна ідзе работа па пастаўках сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў Ленінградскую вобласць. Магчымыя дадатковыя напрамкі супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы мы абмяркоўвалі неаднаразова, пачынаючы з узаемнага павелічэння паставак прадуктаў харчавання да супрацоўніцтва ў сферы раслінаводства, жывёлагадоўлі, укаранення новых тэхналогій земляробства, у тым ліку з прымяненнем сучасных тэхналагічных рашэнняў", - заявіў Мікалай Снапкоў.

Беларускі бок гатовы нарошчваць свой удзел у праграмах развіцця сельскай гаспадаркі Ленінградскай вобласці і зацікаўлены ў прасоўванні на рынак беларускіх кармоў і прэміксаў для рыбаводчых гаспадарак рэгіёна. "Адным словам, напрацовак дастаткова, неабходна надаць імпульс пачатку іх больш хуткай рэалізацыі. На нашу думку, надышоў час структураваць наша супрацоўніцтва ў аграрным комплексе, напрыклад шляхам фарміравання адпаведнай міжведамаснай праграмы супрацоўніцтва", - падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер.

Трэці напрамак - сфера прамысловасці. "Пацвярджаем гатоўнасць да далейшых паставак неабходнай дарожнай, камунальнай, кар'ернай, пасажырскай і спецыяльнай тэхнікі, а таксама сельскагаспадарчай тэхнікі і навяснога абсталявання. Нядрэннымі тэмпамі ідуць пастаўкі ліфтавага абсталявання", - заявіў ён. Мікалай Снапкоў прапанаваў выкарыстоўваць фінансавыя механізмы Банка развіцця Рэспублікі Беларусь для закупкі беларускай тэхнікі.

Чацвёрты актуальны аспект - навука і адукацыя. На сённяшні дзень 13 міжвузаўскіх дагавораў паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю рэгулююць гэту важную сферу супрацоўніцтва. "З задавальненнем адзначу высокую дынаміку кантактаў па абодвух напрамках. Паспяхова рэалізуюцца сумесныя навукова-даследчыя праекты і праграмы. Адзін з яркіх прыкладаў - распрацоўка па заказе ТАА "Авантрэйдхім" Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам мікрасфер для нафтаздабываючай галіны", - адзначыў Мікалай Снапкоў.

У 2025 годзе бакамі ўпершыню прапрацаваны такі напрамак супрацоўніцтва, як студатрадаўскі рух. "Ужо гэтым летам першы беларускі студэнцкі атрад прыбудзе ў Ленінградскую вобласць на аб'ект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі. Таксама прапануецца прапрацаваць новыя праекты па ўдзеле школьнай і студэнцкай моладзі ў патрыятычных мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Ленінградскай вобласці ў 2026 годзе", - рэзюмаваў першы віцэ-прэм'ер.

Мікалай Снапкоў таксама запрасіў прадстаўнікоў Ленінградскай вобласці прыняць удзел у міжнароднай выстаўцы "ІНАПРАМ-2025", якая ўпершыню пройдзе ў Мінску - з 29 верасня па 1 кастрычніка 2025 года. "Гэта мерапрыемства стане добрым імпульсам для развіцця двухбаковых сувязей у галіне закупак розных відаў тэхнікі, а таксама вытворчай кааперацыі", - упэўнены ён.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі