Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 кастрычніка 2022, 15:29

Снапкоў на нарадзе ў Лукашэнкі: да снежня мы выйдзем на рэальны рост заработнай платы

6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад плануе, што да снежня гэтага года вырастуць паказчыкі рэальнай заработнай платы ў краіне. Аб гэтым заявіў першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў на нарадзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з эканамічным блокам урада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, выступаючы на ​​нарадзе наконт тэмпаў росту цэн, выказаў неадназначны пункт гледжання, што інфляцыя заўсёды суправаджае эканамічны рост. Паводле яго слоў, за апошнія 10 гадоў (з 2012 па 2021 год) сярэдняе значэнне інфляцыі складала 11 працэнтаў. Пры гэтым сярэднегадавы эканамічны рост усяго толькі 0,7 працэнта. Яшчэ раней, за перыяд з 2002 па 2011 год, інфляцыя была вышэйшая за 20 працэнтаў, рост рэальнага ВУП складаў 7,5 працэнта, рэальнай заработнай платы - 10,3 працэнта. "Мая асноўная задача - эканамічны рост. І гэта важней нават, чым усплёскі інфляцыі", - сказаў Мікалай Снапкоў. Паводле яго даных, рост цэн на 75 працэнтаў тавараў, якія з'яўляюцца таварамі штодзённага спажывецкага попыту, - меншы за 10 працэнтаў. "Гэта значыць, мы сапраўды стараліся ўсімі сіламі стрымліваць інфляцыю", - дадаў першы віцэ-прэм'ер. Разам з тым ён прызнаў, што не ўсе рэзервы былі задзейнічаны.

Прэзідэнт палічыў сцвярджэнне аб тым, што эканамічны рост абавязкова суправаджаецца інфляцыяй, непераканаўчым: навошта патрэбны эканамічны рост, які вядзе да збяднення людзей? Асабліва ў сітуацыі, калі не забяспечаны рост заработнай платы і даходаў насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяперашні рост цэн у краіне ў многіх выпадках неабгрунтаваны і ёсць рэзервы, каб яго не дапускаць.

"Зніжэнне даходаў мы спынілі. З улікам заданняў, якія мы давялі да ўсіх органаў дзяржкіравання, мы бачым, што да снежня мы выйдзем на рэальны рост заработнай платы. Рэзервы тут ёсць", - сказаў у сваю чаргу Мікалай Снапкоў.

"І вы выйдзеце на нармальную інфляцыю (прымальны ўзровень інфляцыі. - Заўвага БЕЛТА). Не толькі рост (даходаў насельніцтва. - Заўвага БЕЛТА), але нармальную інфляцыю", - удакладніў Прэзідэнт.

Адным з фактараў, якія ўплываюць на павелічэнне кошту тавараў, першы віцэ-прэм'ер назваў адкрытасць беларускай эканомікі і дыспарытэт цэн: многія вытворцы хочуць вывезці тавар у Расію, дзе больш высокія цэны.

На што кіраўнік дзяржавы слушна заўважыў, што ўрад павінен дзейнічаць у інтарэсах уласнага народа. "Вы - першы намеснік прэм'ер-міністра ў Беларусі, а не ў Расіі. Хто што хоча некуды вывезці - гэта хацелкі нечыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы будзеце карміць спачатку беларускі народ. І ў нас для гэтага, калі браць сельскую гаспадарку, аграрыяў, ёсць усё".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі