Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 чэрвеня 2020, 12:25

Скончаны тэрмін прыдатнасці і адсутнасць цэннікаў - МАРГ выявіў парушэнні ў 59 гандлёвых аб'ектах

2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю правялі маніторынг 66 розных гандлёвых аб'ектаў па пытаннях выканання суб'ектамі гаспадарання заканадаўства ў галіне гандлю, абароны правоў спажыўцоў, аб рэкламе, аб цэнах і цэнаўтварэнні, патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, ЕАЭС. Парушэнні ўстаноўлены ў 59 аб'ектах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МАРГ.

"Сярод асноўных парушэнняў - невыкананне асартыментных пералікаў і іх неадпаведнасць патрабаванням заканадаўства, прапанаванне да рэалізацыі тавараў са скончаным тэрмінамі прыдатнасці, незабеспячэнне прадаўцом наяўнасці цэннікаў на тавары і невыкананне парадку іх афармлення", - расказалі ў прэс-службе.

Працэнт невыканання асартыментнага пераліку ад прадугледжаных таварных пазіцый па Беларусі склаў ад 0,6 працэнта (у гандлёвым аб'екце ААТ "Брэсцкая абласная база "Бакалея") да 78,4 працэнта (у гандлёвым аб'екце ТАА "Фікс Прайс"). У 41 працэнце абследаваных гандлёвых аб'ектаў выяўлены парушэнні, якія могуць нанесці шкоду здароўю спажыўцоў, у тым ліку продаж тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці, а таксама допуск да рэалізацыі харчовых тавараў са стратай спажывецкіх уласцівасцей (сапсаваных фруктаў і агародніны).

У асобных гандлёвых аб'ектах адсутнічала адпаведнае вымяральнае абсталяванне (кантрольныя вагі, іншыя сродкі вымярэння фізічных велічынь), не выконваліся тэмпературныя рэжымы, не размяшчалася інфармацыя аб забароне продажу асобных тавараў непаўналетнім, не ўказвалася цана тавараў, маса або аб'ём якіх складае менш/больш за 1 кг або 1 л. Сярод іншых парушэнняў - недавядзенне да ведама пакупнікоў неабходнай і дакладнай інфармацыі аб таварах, рэалізацыя прадукцыі, расфасаванай у індывідуальную ўпакоўку, без наяўнасці даных аб ёй для спажыўцоў, адсутнасць нагруднага знака ў работніка гандлёвага аб'екта.

Дадаткова вывучана работа суб'ектаў гаспадарання па выкананні рэкамендацый МАРГ і санітарных норм і правіл па забеспячэнні сродкамі індывідуальнай аховы органаў дыхання работнікаў, непасрэдна занятых абслугоўваннем насельніцтва. Парушэнні выяўлены ў пяці аб'ектах.

У двух з 66 абследаваных гандлёвых аб'ектаў былі ўстаноўлены прыкметы парушэння заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні.

Па выніках маніторынгу МАРГ вынес 59 рэкамендацый аб устараненні выяўленых парушэнняў (недахопаў), у выпадку невыканання якіх вінаватыя асобы могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі