Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 сакавіка 2019, 20:03

Сямашка: Беларусь гатова ўдзельнічаць у прыярытэтных праектах развіцця Растоўскай вобласці

28 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі праграм і прыярытэтных праектаў развіцця Растоўскай вобласці, у тым ліку ў прамысловай, сельскагаспадарчай, будаўнічай і транспартнай сферах. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, сустракаючыся з губернатарам Растоўскай вобласці Васілём Голубевым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.

27-28 сакавіка праходзіць рабочы візіт беларускай дэлегацыі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Сямашкі ў гэты расійскі рэгіён. У яе складзе - прадстаўнікі кіраўніцтва асноўных міністэрстваў, ведамстваў і прадпрыемстваў, па лініі якіх ажыццяўляецца супрацоўніцтва з вобласцю: міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання, прамысловасці, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, МАЗа, "Гомсельмаша", МТЗ.

"На сустрэчы з губернатарам Уладзімір Сямашка выказаў зацікаўленасць беларускага боку трансфармаваць высокі ўзровень двухбаковых кантактаў, у тым ліку міжрэгіянальных, у канкрэтныя паказчыкі ўзаемнага тавараабароту, - адзначылі ў пасольстве. - Прапанаваў павялічыць аб'ём і лінейку пастаўляемай у рэгіён беларускай прадукцыі, распрацаваць перспектыўныя схемы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. А таксама - разгледзець магчымасць закупкі пасажырскай тэхнікі беларускай вытворчасці з выкарыстаннем лізінгу і іншых ільготных схем фінансавання, у тым ліку на ўмовах міжнароднага лізінгу - сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання".

Пасол падкрэсліў гатоўнасць беларускіх вытворцаў забяспечыць пастаўкі неабходнага ліфтавага абсталявання па праграмах капітальнага рамонту жылога фонду, камунальнай тэхнікі МАЗ, "Амкадор" і МТЗ. Асобна кіраўнік дэлегацыі адзначыў дадатную дынаміку ўзаемадзеяння гарадоў і раёнаў Беларусі і Растоўскай вобласці, актывізацыю ўсталявання пабрацімскіх адносін паміж імі.

Пад старшынствам Уладзіміра Сямашкі і Васіля Голубева адбылося 10-е пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Растоўскай вобласці. "Пасол выказаў меркаванне беларускага боку аб неабходнасці актывізаваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва як за кошт павелічэння паставак традыцыйных таварных пазіцый, так і дыверсіфікацыі экспарту і імпарту, - праінфармавалі ў прэс-службе. - Добрым зачынам ён назваў пастаўкі ў Растоў-на-Доне 75 аўтобусаў Мінскага аўтазавода да чэмпіянату свету па футболе 2018 года. Прапанаваў разгледзець магчымасці набыцця электробусаў "Белкамунмаш" і іншай пасажырскай тэхнікі. Адзначыў зацікаўленасць беларускіх машынабудаўнікоў у развіцці супрацоўніцтва ў прамысловасці, у пастаўках кар'ерных самазвалаў БелАЗ для кампаніі "Данскі камень", грузавой, камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі для патрэб дарожнага будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі вобласці. Беларускія арганізацыі маглі б удзельнічаць і ў праграмах развіцця аўтамабільных дарог, рэалізацыі транспартных інфраструктурных праектаў, сістэм водазабеспячэння, у будаўніцтве спартыўных, сацыяльных, культурных і іншых аб'ектаў".

Уладзімір Сямашка адзначыў таксама зацікаўленасць беларускага боку ў закупках збожжа, растоўскага сланечнікавага алею і іншых тавараў, у рэалізацыі сумесных праектаў мадэрнізацыі і развіцця селькагаспадарчай інфраструктуры, укаранення прагрэсіўных тэхналогій вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.

У час візіту на тэрыторыі стадыёна "Растоў-Арэна" адбылася цырымонія ўрачытай перадачы аўтатранспартнаму прадпрыемству "Янтар 1" ключоў ад васьмі новых аўтобусаў МАЗ, якія працуюць на газаматорным паліве. "Беларусь для Растоўскай вобласці - адзін з важнейшых партнёраў. Беларускі холдынг "БелаўтаМАЗ" пастаўляе высакаякасную сучасную тэхніку, у нашым рэгіёне яна прадстаўлена больш як 180 адзінкамі, - сказаў на цырымоніі намеснік губернатара Растоўскай вобласці Юрый Малодчанка. - Новыя аўтобусы экалагічныя, абсталяваны сістэмай ГЛАНАСС і аўтаінфармаваннем, прыстасаваны для перавозкі маламабільных груп насельніцтва".

"Далейшае супрацоўніцтва Беларусі і Растоўскай вобласці бачыцца даволі перспектыўным, - заявіў Уладзімір Сямашка. - Акрамя сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі мы можам пастаўляць і эканомна працуючыя электробусы, і скорасныя трамваі, і паязды, можам прапанаваць і новую, надзвычай актуальную тэхніку - для збору, перапрацоўкі і ўтылізацыі смецця".

Беларуская дэлегацыя наведала таксама прамысловыя і сельскагаспадарчыя арганізацыі рэгіёна: ТАА "Гандлёвы дом МТЗ-Стаўрапаль", ТАА "Бізон Поўдзень", ТАА "Атланціс-Пак" і іншыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі