Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 мая 2020, 16:53

Сітуацыя ў эканоміцы ў I квартале была кіруемай, нягледзячы на знешнія шокі - Румас

12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя ў эканоміцы ў I квартале 2020 года была кіруемай, нягледзячы на знешнія шокі, заявіў сёння прэм'ер-міністр Сяргей Румас на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе разглядаюцца вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў I квартале, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У I квартале эканоміка знаходзілася пад уздзеяннем шэрага знешнеэканамічных шокаў. Падатковы манеўр, адсутнасць дамоўленасцей з расійскім бокам па пастаўках нафты істотна ўскладнілі работу нафтахімічнай і транспартнай галін. Закрыццё граніц краінамі-суседзямі з-за пандэміі паўплывала ў першую чаргу на сферу паслуг. Зніжэнне цэн на сыравінных рынках, дэвальвацыя расійскага рубля паўплывалі на работу машынабудаўнічай галіны, - адзначыў Сяргей Румас. - Разам з тым сітуацыя ў эканоміцы ў студзені-сакавіку была кіруемай".

ВУП Беларусі ў I квартале 2020 года знізіўся на 0,3 працэнта - гэта на 1 працэнтны пункт ніжэй за план. Утрымацца практычна на ўзроўні 2019 года па ВУП удалося дзякуючы сектару "Інфармацыя і сувязь", будаўнічай галіне і сельскай гаспадарцы. "Гэтыя пункты росту дабаўленай вартасці трэба пастарацца захаваць на працягу ўсяго года, Мінсельгасхарчу і Мінбудархітэктуры - дадатныя тэндэнцыі замацаваць і развіць", - даручыў прэм'ер-міністр.

Па тэмпах росту ВРП станоўча спрацавалі чатыры рэгіёны: Мінск, Брэсцкая, Гродзенская і Магілёўская вобласці. Зніжэнне ВРП у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года адбылося ў Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях.

"Рэгіёнам сёння неабходна дакладна разумець, за кошт якіх рэзерваў і пунктаў росту яны будуць выконваць сацыяльна-эканамічныя задачы ў 2020 годзе. Задача ўтрымаць эканоміку, не дапусціўшы прасядання па асноўных параметрах, была пастаўлена кіраўніком дзяржавы перад эканамічным блокам на нарадзе 23 красавіка", - нагадаў Сяргей Румас.

Што датычыцца даходаў бюджэту, то, паводле слоў прэм'ер-міністра, у I квартале з-за пагаршэння работы нафтаперапрацоўчых заводаў, а таксама зніжэння аб'ёмаў і цэн экспарту калійных угнаенняў яны склаліся з адхіленнем ад плана. Недапаступіла каля Br350 млн.

"Пры гэтым усе сацыяльныя абавязацельствы, а таксама плацяжы ўнутраным і знешнім крэдыторам былі выкананы своечасова і ў поўным аб'ёме. Мяркуючы па дынаміцы змяненняў, якія адбываюцца на сусветным рынку, год будзе даволі складаны з пункту гледжання магчымасцей бюджэту фінансаваць капітальныя расходы. Таму папрашу міністра фінансаў далажыць аб ацэнцы фарміравання бюджэту і прапановы аб яго кансалідацыі", - адзначыў Сяргей Румас.

Сённяшняе пасяджэнне Савета Міністраў арганізавана па відэасувязі. Такі фармат вызначаны бягучай эпідэміялагічнай сітуацыяй. Гэта сітуацыя з'яўляецца і адной з асноўных рызык, што ўплываюць на эканоміку краіны, адзначыў прэм'ер-міністр.

Кіраўнік урада папрасіў Мінэканомікі даць ацэнку тэмпам росту ВУП па выніках I паўгоддзя, а таксама 2020 года - што яшчэ не зроблена з улікам бягучай эканамічнай сітуацыі і што трэба падкарэкціраваць, каб максімальна наблізіцца да пастаўленых на гэты год задач.

Паводле слоў Сяргея Румаса, ва ўмовах скарачэння попыту на знешніх рынках важна захаваць дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. "Пакуль па выніках I квартала мы гэты паказчык вытрымліваем дзякуючы дадатнай дынаміцы па экспарце паслуг. У II квартале па меры аднаўлення рынкаў збыту ў гэтым напрамку трэба інтэнсіўна папрацаваць Мінпраму, а таксама канцэрнам "Белнафтахім" і "Беллегпрам", якія не выканалі заданне па экспарце тавараў у I квартале", - сказаў прэм'ер-міністр. Ад Міністэрства замежных спраў на сённяшнім пасяджэнні чакаюць ацэнку, якія перспектывы прадпрыемстваў на знешніх рынках і якія дадатковыя магчымасці ёсць з улікам работы загранустаноў, у якім напрамку ўжо можна сёння актыўна працаваць, а дзе неабходна пачакаць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі