Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 чэрвеня 2019, 14:05

Сістэма дзяржзакупак з 1 ліпеня становіцца больш празрыстай - МАРГ

27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая рэдакцыя закона "Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)" уступіць у сілу з 1 ліпеня. Сістэма дзяржзакупак стане больш празрыстай, заявіў сёння журналістам намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асноўная мэта - гэта павышэнне галоснасці і празрыстасці ўсёй сістэмы дзяржзакупак, развіццё добрасумленнай канкурэнцыі, скарачэнне колькасці нядобрасумленных пастаўшчыкоў", - адзначыў Андрэй Картун.

На долю дзяржзакупак у Беларусі прыпадае 6 працэнтаў ВУП. Гэта значная сума, ад эфектыўнасці кіравання якой залежыць эканамічны рост, лічыць намеснік міністра.

Адно са значных новаўвядзенняў закона аб дзяржзакупках - нельга будзе мяняць умовы дагавора на стадыі заключэння. Пры любых абставінах не карэкціруюцца прадмет дзяржаўнай закупкі, парадак аплаты, адказнасць бакоў. Тэрміны могуць быць зменены толькі па ініцыятыве заказчыка. Акрамя таго, ёсць абмежаванні па змяненні цаны. "У дзеючым заканадаўстве былі пэўныя пралазы ў пастаўшчыкоў, пасля заключэння дагавора падпісвалася дадатковае пагадненне або навязвалася змяненне цаны. Таму мы тут пайшлі на ўзмацненне строгасці", - растлумачыў намеснік міністра.

Што датычыцца аптымізацыі працэсу дзяржзакупак, то фактычна ў 2 разы знізіліся тэрміны падрыхтоўкі і падачы прапаноў. Раней МАРГ атрымліваў шмат скаргаў на зацягванне працэдур.

У законе аб дзяржзакупках адлюстраваны патрабаванні антыманапольнага заканадаўства. Паводле слоў Андрэя Картуна, раней нярэдка сустракаліся скаргі, што пры дзяржзакупках абмяжоўваецца канкурэнцыя, некаторыя патрабаванні могуць быць заточаны пад канкрэтнага пастаўшчыка. У законе прапісана, што пры правядзенні дзяржзакупак забараняюцца дзеянні, якія прыводзяць да ўстаранення канкурэнцыі.

З 1 ліпеня пачне работу дзяржаўная інфармацыйна-аналітычная сістэма кіравання дзяржаўнымі закупкамі, расказаў першы намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра маркетынгу МЗС Аляксандр Запольскі. Сістэма будзе базіравацца на сайце gias.by, тут будзе збірацца ўся інфармацыя аб дзяржзакупках, у тым ліку з электронных гандлёвых пляцовак. Можна будзе прааналізаваць увесь ланцужок дзяржзакупкі - ад падачы заяўкі да выканання дагавора, а таксама планы дзяржарганізацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі