Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 верасня 2018, 12:46

Сістэма дзяржзакупак у Беларусі стане больш адкрытай

11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны цэнтр маркетынгу Міністэрства замежных спраў Беларусі ўкарэніць у сістэму дзяржаўных закупак новы электронна-аналітычны модуль, што зробіць яе больш адкрытай, паведамілі БЕЛТА ў цэнтры.

"Модуль забяспечыць аўтаматычнае атрыманне і кансалідацыю даных з усіх электронных гандлёвых пляцовак і афіцыйнага сайта па дзяржзакупках у рэжыме рэальнага часу. Гэта дасць магчымасць стварыць цэнтральную базу даных для аналітычных мэт, што зробіць інфармацыйную сістэму дзяржзакупак больш адкрытай і дасць магчымасць глыбокага аналізу як усяго рынку дзяржзакупак, так і асобных яго сегментаў", - расказалі ў цэнтры.

Акрамя таго, новы модуль дазволіць аналізаваць паводзіны ўдзельнікаў рынку, аператыўна адсочваць моманты, што паўтараюцца, і даваць ацэнку тэндэнцыям. Такая аналітыка істотна павысіць празрыстасць закупачнай дзейнасці і дасць магчымасць узмацніць кантроль і процідзеянне карупцыі ў гэтай сферы.

Праект рэалізаваны па ініцыятыве Нацыянальнага цэнтра маркетынгу як аператара афіцыйнага сайта па дзяржзакупках пры садзейнічанні Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). Да стварэння модуля прыцягнуты міжнародныя эксперты і спецыялісты.

Электронна-аналітычны модуль таксама стане асновай для стварэння дзяржаўнай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы дзяржзакупак, якая будзе ўзаемадзейнічаць з многімі дзяржаўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі згодна з новым законам аб дзяржаўных закупках, які ўступіць у сілу 1 ліпеня 2019 года.

Прэзентацыя модуля адбылася ў Мінску на нацыянальным семінары па дзяржзакупках пры падтрымцы сакратарыята Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) і ЕБРР. Магчымасць аналізу рынку дзяржзакупак і яго дынамікі дасць магчымасць мадэляваць эфект ад прыняцця пагаднення аб дзяржаўных закупках СГА, загадзя высветліць сектары і абараніць іх ад негатыўных наступстваў. Міжнародныя эксперты, якія прысутнічалі на семінары, высока ацанілі работу па ўдасканаленні інфармацыйнай сістэмы дзяржзакупак у Беларусі і ролю Нацыянальнага цэнтра маркетынгу ў гэтым працэсе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі