Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 сакавіка 2023, 17:46

Сідорскі: СЭЗ трэба хутка напрацоўваць кааперацыйныя сувязі

23 сакавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У існуючых геапалітычных, эканамічных умовах свабодным эканамічным зонам трэба хутка напрацоўваць кааперацыйныя сувязі. Перакананасць у гэтым выказаў саветнік старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця Сяргей Сідорскі 23 сакавіка на Кангрэсе свабодных эканамічных зон у Гомелі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як падкрэсліў Сяргей Сідорскі, свабодныя эканамічныя зоны, тэхнаполісы, тэхнапаркі заўсёды ў сусветным ВУП займалі лідзіруючае месца - больш за 30 працэнтаў ствараюць менавіта яны.

"Для таго каб рухацца наперад, трэба разумець вытокі і карані і тое, як далей развіваць эканоміку ў існуючых рэальных умовах", - перакананы саветнік. Ён нагадаў, што ў часы СССР у Гомелі быў сканцэнтраваны магутны кулак прамыслова-тэхналагічнага комплексу. Аднак пасля развалу Саюза ўсё гэта ў адзін момант спынілася і аказалася нікому не патрэбным.

"Тут, на гэтым месцы (дзе сёння функцыянуе СЭЗ "Гомель-Ратон". - Заўвага БЕЛТА), прынялі рашэнне рухацца ў бок тэхналагічнага развіцця. І ва ўрадзе была дадзена ініцыятыва стварыць тэхнаполіс навукаёмістых высокатэхналагічных вытворчасцей. Мы разумелі тады, што высокатэхналагічнае абсталяванне - гэта залог будучага развіцця эканомікі Беларусі", - звярнуўся да гісторыі Сяргей Сідорскі.

"Прэзідэнт адобрыў наш падыход", - дадаў ён.

Паводле слоў Сяргея Сідорскага, вельмі важна было тады разумець, што выбраны правільны шлях. "І сёння, праз 25 гадоў, мы бачым, што прадпрыемствы (рэзідэнты СЭЗ. - Заўвага БЕЛТА) застаюцца на самым высокім узроўні. Створана (у СЭЗ "Гомель-Ратон". - Заўвага БЕЛТА) больш як 30 тыс. рабочых месцаў", - падкрэсліў ён.

"Сёння час ваш, - звярнуўся Сяргей Сідорскі да прадстаўнікоў беларускіх СЭЗ. - Сёння СЭЗ - кропкі прыцяжэння высокатэхналагічных вытворчасцей. Тады мы прыцягвалі заходнія тэхналогіі. Сёння час прымушае з улікам геапалітычнай сітуацыі рухацца ў іншым напрамку - у глыбокай кааперацыі з падтрымкай вытворчасцей. Трэба СЭЗ усвядоміць: у нас не хапае сумесных вытворчасцей рухавікоў, машын, электрапрыбораў. Трэба знайсці кааперацыйныя ланцужкі, якія б (функцыянавалі. - Заўвага БЕЛТА) у Расійскай Федэрацыі, у Беларусі. Стварайце гэтыя вытворчасці. Будучыня на бліжэйшыя 20-50 гадоў за такімі вытворчасцямі".

Саветнік дадаў, што для гэтага ёсць неабходная высокатэхналагічная база, высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў.

"Не трэба забываць, што мы знаходзімся ў еўразійскай прасторы. Гэта і Арменія, Казахстан, Кыргызстан. Гэта тыя дзяржавы, якія будуць мець патрэбу ў гэтай (высокатэхналагічнай. - Заўвага БЕЛТА) прадукцыі", - дадаў Сяргей Сідорскі.

"Кааперацыйныя сувязі трэба хутка напрацоўваць, замяшчаць тое, што мы ўжо не атрымаем", - рэзюмаваў ён.

Трэці Кангрэс свабодных эканамічных зон праходзіць у Гомелі 23-24 сакавіка. Тэма форуму - свабодныя эканамічныя зоны, індустрыяльныя і навукова-тэхналагічныя паркі як драйверы развіцця тэрыторыі. Удзел у кангрэсе пацвердзілі больш за 250 чалавек. У іх ліку прадстаўнікі свабодных эканамічных зон, індустрыяльных і навукова-тэхналагічных паркаў з Беларусі, Расіі, Узбекістана, а таксама прадстаўнікі Міністэрства эканомікі Беларусі, Гомельскага аблвыканкама і гарвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў - рэзідэнтаў СЭЗ "Гомель-Ратон".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі