Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 снежня 2021, 12:12

Шумілін: лічбавізацыя АПК з'яўляецца перспектыўным напрамкам для Беларусі

9 снежня, Горкі /Кар. БЕЛТА/. Дзякуючы хуткаму развіццю і ўкараненню мабільных вылічальных сродкаў, высакаскораснага інтэрнэту і спадарожнікавай сувязі лічбавыя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы (AgTech) атрымалі шырокае прымяненне ў свеце і вельмі перспектыўныя для ўкаранення ў Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння на нарадзе ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Аляксандра Шуміліна, на аснове інтэграцыі тэхналогій дакладнага земляробства і інавацый дасягаецца аптымізацыя сельскагаспадарчых вытворчых працэсаў: апрацоўка глебы, сяўба, унясенне ўгнаенняў і ахова раслін з улікам дыферэнцыраваных глебава-кліматычных умоў, дробнамаштабнай неаднароднасці і іншых розных параметраў у межах асобнага поля. "Развіваючы дакладнае земляробства і яго элементы, можна рэалізаваць на больш высокім узроўні канцэпцыю адаптыўна-ландшафтнага земляробства і планавання ўраджайнасці", - падкрэсліў ён.

На думку сусветных аналітыкаў, пры дапамозе дакладнага земляробства можна павысіць ураджайнасць да 70 працэнтаў на ўжо існуючых сельгасугоддзях, знізіць затраты на гектар на 15-20 працэнтаў, скараціць колькасць персаналу ў 2-3 разы. Лідарамі па ўкараненні найноўшых тэхналогій у аграрным сектары з'яўляюцца Ізраіль, ЗША і Японія. Цяпер у свеце ўтварыўся асобны сегмент - лічбавыя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы, які па тэмпах росту інвестыцый апошнія некалькі гадоў абганяе фінансавы сектар.

"Беларусь мае свой высокі патэнцыял па распрацоўцы тэхналогій дакладнага земляробства, якімі ў рознай ступені займаюцца супрацоўнікі горацкай акадэміі, вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук, інжынеры і супрацоўнікі спецыялізаваных арганізацый, рэзідэнты тэхнапаркаў. Наша задача аб'яднаць гэтыя кампетэнцыі і напоўніць комплексны праект будучага "Дакладнае земляробства" канкрэтнымі мерапрыемствамі", - сказаў Аляксандр Шумілін. Выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі, Беларусь можа не толькі нарасціць экспарт прадуктаў харчавання да $7 млрд, але і стаць значным экспарцёрам у сферы AgTech.

Праект Канцэпцыі рэалізацыі сістэмы дакладнага земляробства (для рэалізацыі праекта "Дакладнае земляробства") падрыхтаваны Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і разглядаецца на нарадзе, якая праходзіць пад кіраўніцтвам намесніка прэм'ер-міністра Аляксандра Субоціна на базе Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. У ёй удзельнічаюць прадстаўнікі Мінсельгасхарча, ДКНТ, НАН, Мінсувязі, Мінпрама, Дзяржкаммаёмасці, ДВПК, парламента, Магілёўскага аблвыканкама і іншых арганізацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі