Юрый Шулейка
29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На наступны год у Беларусі запланавана будаўніцтва 60 малочнатаварных комплексаў. Аб гэтым намеснік прэм'ер-міністра Юрый Шулейка, які курыруе сферу АПК, расказаў журналістам пасля даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На наступны год мы запланавалі будаўніцтва 60 малочнатаварных комплексаў. Ужо адкрыта фінансаванне", - заявіў віцэ-прэм'ер. Ён падкрэсліў важнасць дысцыпліны ў развіцці сельскай гаспадаркі і рэалізацыі намечаных планаў, аб чым пастаянна нагадвае Прэзідэнт: "Яна сапраўды мае сваю важкую частку. Гэта таксама частка размовы, праграмы".
Паводле слоў Юрыя Шулейкі, на працягу пяці гадоў неабходна забяспечыць утрыманне ўсіх кароў у сучасных умовах, што забяспечыць высокую эфектыўнасць вытворчасці. Віцэ-прэм'ер звярнуў увагу на тое, што якасць канчатковай прадукцыі на сталах у людзей у немалой ступені залежыць ад умоў утрымання жывёл, іх кармлення.
У час даклада кіраўніку дзяржавы абмяркоўваліся як вынікі ўжо фактычна завершанага сезона ў сельскай гаспадарцы, так і планы на будучае - напрамкі і крыніцы росту. На гэта арыентаваны розныя праграмы, якія датычацца будаўніцтва комплексаў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, свінакомплексаў, пытанняў забеспячэння сельскай гаспадаркі сучаснымі кармамі і тэхнікай і гэтак далей.
"Вынік, абяцаны Прэзідэнту, дасягнуты. Паўмільёна тон збожжа мы кладзём дадаткова ў засекі нашай краіны. Калі ёсць сёння ўраджай, то гэта дадаткова прадукцыя сельгасвытворчасці - мяса, малако. І ўсе мэтавыя паказчыкі, да якіх мы ідзём, - для вялікай скарбонкі нашай краіны", - рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.
Як паведамлялася, прымаючы з дакладам адказных за АПК, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што якасць прадуктаў харчавання пачынаецца з фермы, малочнатаварнага комплексу. "Мы шмат ужо зрабілі. Мы ведаем, як, што рабіць, тэхналогіі. І гэтых комплексаў нямала пабудавалі. Мы павінны людзям адкрыта сказаць, што за наступную пяцігодку мы вырашым пытанне малочнатаварных комплексаў. Дойны статак, карова павінна стаяць у гэтым палацы. Для таго каб атрымаць чыстае малако. У рэшце рэшт, карова гэта заслужыла", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Мінскай вобласці, каб канчаткова вырашыць гэта пытанне, спатрэбіцца яшчэ пару гадоў. "Дзесьці трэба падцягнуць Віцебскую, Магілёўскую, часткова Гомельскую вобласці. Я не думаю, што там ужо такія вялікія праблемы, каб пабудаваць гэтыя комплексы. Самае галоўнае, мы ведаем, якія яны павінны быць і што там патрэбна. Прытым гэта імпартазамяшчальны прадукт. Тут імпартнага нам нічога не трэба. Мы ўсё можам пабудаваць самі", - сказаў Прэзідэнт.-0-