Сцяг Панядзелак, 16 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 сакавіка 2025, 12:14

Штогод у Беларусі здабываецца каля 2 млн тон торфу

Фота з архіва
Фота з архіва
14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Запасаў торфу ў Беларусі дастаткова для выкарыстання ў эканоміцы на бліжэйшыя 100 гадоў, паведаміў на прэс-канферэнцыі "Развіццё газавай галіны і тарфяной прамысловасці: актуальныя пытанні і напрамкі" ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік аддзела вытворчасці і рэалізацыі тарфяной прадукцыі ўпраўлення тарфяной прамысловасці ДВА "Белпалівагаз" Сяргей Дзмітрыеў.

На тэрыторыі Беларусі запасы торфу ацэньваюцца ў памеры 2,4 млрд т, з якіх для прамысловай распрацоўкі вызначаны 302 млн т, або 12 працэнтаў ад агульнага аб'ёму. З 9 тыс. радовішчаў эксплуатуецца 37. Адведзена 9,5 тыс. га для здабычы торфу з запасамі 33 млн т.

"Пры дасягненні запланаваных на перспектыву аб'ёмаў здабычы запасаў дастаткова на бліжэйшыя 100 гадоў для выкарыстання ў нашай эканоміцы", - расказаў Сяргей Дзмітрыеў.

Паводле яго слоў, штогод у рэспубліцы здабываецца каля 2 млн т торфу, з якіх вырабляецца 1,2 млн т прадукцыі. З агульнай колькасці 1 млн т - паліўная група (брыкеты і тарфяная сушанка), што дае магчымасць замяшчаць каля 450 млн куб.м імпартуемага прыроднага газу. Таксама выпускаецца больш як 100 тыс. т прадукцыі няпаліўнага прызначэння - грунты пажыўныя, торф верхавы кіпаваны.

"У 2024 годзе прадпрыемствы галіны здабылі 1,9 млн т торфу, што дасць магчымасць поўнасцю забяспечыць патрэбнасці ўнутранага рынку. Асноўнымі спажыўцамі з'яўляюцца арганізацыі ЖКГ, цэментныя заводы, насельніцтва. Таксама прадукцыя запатрабавана ў сельскай гаспадарцы і экспартуецца на знешнія рынкі", - расказаў Сяргей Дзмітрыеў.

У структуры рэалізацыі на цэментныя заводы прыпадае 52 працэнты паставак, на палівазабеспячальныя арганізацыі - 27 працэнтаў.

"Тарфяныя брыкеты з'яўляюцца сацыяльна значным прадуктам, паколькі выкарыстоўваюцца ў якасці паліва на аб'ектах сацыяльнай сферы і ў прыватных домаўладаннях невялікіх гарадоў і сельскіх населеных пунктаў", - дадаў спецыяліст.-0-

Фота Хрысціны Аксёнавай
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі