Сцяг Нядзеля, 16 сакавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 лютага 2025, 14:00

Сергяенка: у "Вялікім камені" створана ўнікальная экасістэма для праектаў з высокім экспартным патэнцыялам

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У "Вялікім камені" створана ўнікальная экасістэма, якая дае магчымасць рэалізоўваць высокатэхналагічныя, канкурэнтаздольныя інавацыйныя праекты з высокім экспартным патэнцыялам. Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка на выязным семінары-нарадзе "Інвестыцыйны і экспартны патэнцыял беларускай эканомікі" ў індустрыяльным парку "Вялікі камень", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Правядзенне сённяшняга семінара-нарады на базе Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" накіравана на вырашэнне наступных задач. Першая - абмеркаваць пытанні рэалізацыі інвестыцыйнай і экспартнай палітыкі. Другая - азнаёміцца са станоўчымі прыкладамі ўкладання капіталу ў стварэнне новых вытворчасцей", - расказаў Ігар Сергяенка.

У "Вялікім камені" створана ўнікальная экасістэма, якая дае магчымасць рэалізоўваць высокатэхналагічныя, канкурэнтаздольныя інавацыйныя праекты з высокім экспартным патэнцыялам, падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў. "Мы сёння азнаёміліся з работай асобных прадпрыемстваў. Змаглі ўбачыць, які эканамічны эфект для краіны мела стварэнне і развіццё парка і ўвядзенне льготных умоў для яго рэзідэнтаў. Самае галоўнае, што парк развіваецца, ёсць перспектыўныя праекты", - адзначыў спікер.

Ігар Сергяенка нагадаў, што кіраўніком дзяржавы 5 лютага быў падпісаны ўказ нумар 49, якім зацверджана Дзяржаўная інвестыцыйная праграма на 2025 год. "Прадугледжваецца фінансаванне 82-х аб'ектаў на суму больш як Br2 млрд, з іх 40 плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў гэтым годзе. У асноўным гэта сацыяльныя і інфраструктурныя аб'екты. Усім дэпутатам неабходна з ёй азнаёміцца і ўлічваць пры рабоце ў выбарчых акругах. Абноўлены закон аб інвестыцыях, які ўступіў у сілу паўгода таму, таксама павінен надаць імпульс рэалізацыі новых запатрабаваных у нашай краіне праектаў, - падкрэсліў ён. - Толькі за мінулы год з нашым удзелам ратыфікавана 16 міжнародных пагадненняў, якія будуць садзейнічаць прыцягненню інвестыцый і развіццю знешняга гандлю. Прыняты ў гэтым годзе закон аб ратыфікацыі пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый дасць магчымасць пашырыць і забяспечыць дыверсіфікацыю гандлю паміж нашымі краінамі, створыць больш спрыяльны рэжым для беларускіх і кітайскіх партнёраў".

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння парламентарыі наведалі дэманстрацыйную залу ў бізнес-цэнтры R&D, выставачную пляцоўку беспілотных лятальных апаратаў і звышлёгкай пілатуемай авіяцыйнай тэхнікі. Акрамя таго, дэпутаты азнаёміліся з работай завода па вытворчасці каробак перадач і завода па вытворчасці шкла для пасажырскага транспарту.

Асноўныя мэты правядзення семінара-нарады - вывучэнне практычных пытанняў рэалізацыі інвестыцыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў частцы прадастаўлення інвестарам прэферэнцыйных рэжымаў з улікам асаблівасцей рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, а таксама напрамкаў развіцця экспартнага патэнцыялу для актывізацыі пашырэння беларускіх тавараў на знешнія рынкі. Правядзенне мерапрыемства дасць магчымасць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў выявіць праблемныя пытанні ў сферы дзяржаўнага рэгулявання інвестыцыйнай дзейнасці і магчымыя рэзервы экспартнага патэнцыялу беларускай эканомікі.-0-

Фота Мікалая Пятрова
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі