Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 мая 2019, 16:03

Саўмін зацвердзіў меры па рэалізацыі Дырэктывы аб развіцці вёскі

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў Беларусі пастановай нумар 314 ад 21 мая 2019 года зацвердзіў комплекс мер па рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы нумар 6 "Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

У комплекс мер уваходзіць 40 мерапрыемстваў. У іх ліку падтрыманне стабільнасці ў вытворчасці сельгаспрадукцыі ў аб'ёмах, гарантуючых харчовую бяспеку краіны. У прыватнасці, да канца 2020 года аб'ёмы вытворчасці малака ў краіне павінны дасягнуць 9 млн т у год, прадукцыі гадоўлі жывёлы і птушкі - 1,8 млн т. Прадукцыйнасць дойнага статка да 2020 года павінна скласці ў сельгасарганізацыях не менш як 6 т малака ад каровы ў год, на малочных комплексах прамысловага тыпу - не менш як 7 т. Акрамя таго, неабходна забяспечваць стварэнне высокапрадукцыйных сартоў сельгаскультур і іх укараненне ў вытворчасць. Таксама плануецца ўдасканальваць структуру пасяўных плошчаў з улікам глебава-кліматычных асаблівасцей і спецыялізацыі рэгіёнаў у жывёлагадоўлі.

Комплекс мер прадугледжвае абарону эканамічных інтарэсаў беларускіх вытворцаў сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання на ўнутраным і знешнім рынках. Таксама плануецца актуалізаваць галіновыя рэгламенты і нарматывы пры вытворчасці сельгаспрадукцыі з улікам мадэрнізацыі і інавацыйнага развіцця сельгасвытворчасці. Акрамя таго, трэба забяспечыць эфектыўнае развіццё сельгасарганізацый, у тым ліку ў 2020 годзе рост прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы павінен скласці 40 працэнтаў да 2015 года, узровень заработнай платы ў галіне - не ніжэй за ўзровень, што складваецца ў сярэднім у эканоміцы.

Экспарт сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання да 2020 года павінен скласці $7 млрд. Прадугледжваецца павышэнне канкурэнтаздольнасці вырабляемай прадукцыі, удасканаленне экспартных гандлёва-лагістычных ланцугоў, сертыфікацыя прадукцыі, асваенне новых рынкаў збыту і таварная дыверсіфікацыя.

Комплекс мер уключае стымуляванне стварэння новых вытворчасцей у сферы АПК, у тым ліку з прыцягненнем сродкаў замежных інвестараў. Плануецца ўдасканаліць заканадаўства, каб стварыць дадатковыя ўмовы для прыцягнення замежных інвестыцый. Таксама прадугледжваецца стварэнне і развіццё вялікіх кааператыўна-інтэграцыйных фарміраванняў, холдынгаў з удзелам арганізацый, якія перапрацоўваюць сельгаспрадукцыю, рэарганізацыя прадпрыемстваў па выпуску малочнай прадукцыі. У ліку мер - умацаванне ААТ "Савушкін прадукт" шляхам далучэння да яго ААТ "Бярозаўскі сыраробны камбінат" і ААТ "Аршанскі малочны камбінат", узбуйненне ААТ "Мілкавіта" за кошт ДП "Мазырскія малочныя прадукты", ААТ "Рагачоўскі МКК" - за кошт ААТ "Акцябрскі завод САМ" і УП "Калінкавіцкі малочны камбінат".

Дакумент таксама ўключае меры па правядзенні канкурэнтнай эканамічнай палітыкі для эфектыўнага функцыянавання рынку сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання. У прыватнасці, плануецца пераход да дзяржаўнага рэгулявання цэн толькі на сельгаспрадукцыю, што закупляецца для рэспубліканскіх дзяржпатрэб.

Акрамя таго, прадугледжваецца павышэнне на пастаяннай аснове дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва, што ствараюць камфортныя ўмовы для жыцця на тэрыторыі сельскай мясцовасці. Плануецца развіваць сацыяльную, інжынерную і транспартную інфраструктуру ў вёсцы.

Рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржарганізацыям, падпарадкаваным ураду, НАН Беларусі, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана забяспечыць ва ўстаноўленыя тэрміны выкананне комплексу мер і штогод, пачынаючы з 2020 года, прадстаўляць да 1 сакавіка ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання інфармацыю аб ходзе яго рэалізацыі.

Мінсельгасхарч павінен забяспечваць каардынацыю дзейнасці дзяржорганаў і дзяржарганізацый па выкананні комплексу мер і штогод, пачынаючы з 2020 года, інфармаваць да 15 сакавіка Савет Міністраў аб ходзе яго выканання і рэалізацыі Дырэктывы нумар 6.

Персанальная адказнасць за выкананне комплексу мер ускладзена на кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый, падпарадкаваных ураду, старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, НАН Беларусі, а таксама кіраўнікоў іншых арганізацый, якія з'яўляюцца адказнымі выканаўцамі.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі